image2 09.06.2020

Каляска ‒ не вырак

Як Еўрапейскі саюз і ПРААН дапамагаюць людзям з інваліднасцю знайсці сваю дарогу ў спорце.

– У дзяцінстве з мяне здзекаваліся, прыніжалі. Я быў як расліна! І мне гэта надакучыла, ‒ успамінае Сяргей, Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў. ‒ Я пачаў займацца спортам, дамогся вынікаў. Паступова мяне пачалі паважаць. Гэта я на зямлі як чарапаха, паспрабуй у вадзе дагані!

Пасля школы першы час Сяргей працаваў з дому: з завода прывозілі дэталі, а ён майстраваў хуткасшывальнікі. Жыць у чатырох сценах яму было цяжка, і мужчына падаў дакументы на вучобу далей ад дома.

– Так я апынуўся ў Калінінградзе. Менавіта там маё жыццё сур’ёзна змянілася: спаборніцтвы, любімая праца, пастаянныя конкурсы. А калі атрымаў чырвоны дыплом, вярнуўся ў Гродна. У Калінінградзе ў той час ужо было таварыства людзей з інваліднасцю, а ў нас не. Мы стварылі першае, потым заняліся пытаннем аб’яднання калясачнікаў.

– Як я стаў старшынёй? Прымусілі, ‒ жартуе мужчына. ‒ Мабыць, выбралі мяне, таму што шыла ў адным месцы. Але, думаю, праз мой характар і мэтанакіраванасць.

0503GPN_7205.jpg

Аднойчы Сяргея запрасілі на велапрабег па Аўгустоўскім канале, і ён, не раздумваючы, пагадзіўся. Праўда, мужчына яшчэ не ведаў, што заезд будзе праходзіць па лясных сцежках. А калі даведаўся ‒ адмаўляцца было няёмка. У гэтым увесь Сяргей!

– Так-сяк 18,5 км па бездаражы пераадолеў, але быў выціснуты як лімон. А калі трохі адышоў ад гонкі, мне распавялі пра праект «БЕЛМЕД», дзе можна зрабіць нешта карыснае для людзей свайго горада.

Мяне цяжка вылавіць, я ўвесь час у справах. Але вось іншыя людзі на калясках пастаянна сядзяць дома. І мне прыйшла ідэя: што, калі ў Гродне зрабіць цэнтр, дзе людзі змогуць стасавацца, займацца спортам, праводзіць час? Мне было важна выцягнуць людзей з хатняга зняволення.

0503GPN_7233.jpg

Як кажа сам герой, разварушыць людзей аказалася няпроста, але магчыма.

– Пачаў я з пошуку памяшкання. У гарвыканкаме мне прапанавалі зайсці на сайт і выбраць тое, што падыдзе. Але патрэбных памяшканняў проста не было. Суцэльныя прыступкі, верхнія паверхі без ліфтаў ‒ ніхто туды не зможа трапіць.

А потым выпадкова ўбачыў прастору, у якой калісьці была камісійная крама. Мне яна спадабалася, як і яшчэ адной фірме, якая таксама паклала на яго вока. Варыянтаў было два: альбо аўкцыён, альбо фірма адмовіцца. Першы мы б наўрад ці пацягнулі.

Але праз тыдзень мне патэлефанавалі дзяўчаты з гарвыканкама і сказалі, што фірма адмовілася. Яны хацелі дапамагчы, таму прапанавалі не адкладаць рашэння па арэндзе.

0503GPN_7262.jpg

І ўсё атрымалася. Цяпер у «Інклюзіўным цэнтры ЗЛЖ» акрамя спаборніцтваў па тэнісе і дартсе праводзяць агульныя дні нараджэння. Напрыклад, у студзені ладзілі «студзеньскую вечарынку» ‒ віншавалі тых, хто нарадзіўся ў гэтым месяцы. Звычайна на такія святы прыходзіць ад 12 да 50 чалавек. Людзі паступова прывыкаюць да таго, што цяпер ім ёсць куды пайсці.

Знайсці водгук удалося, таму што Сяргей зразумеў патрэбу людзей. Бо, калі людзей чакаюць і ствараюць умовы, яны прыходзяць.

Сёння Сяргей накіраваў ліст у гарвыканкам. Калі прадпрыемства арганізуе працоўныя месцы для людзей з інваліднасцю, то арэнднае памяшканне можа быць перададзена ва ўласнасць. У цэнтры якраз працуюць два адміністратары з інваліднасцю.

Для людзей гэта вельмі важна, бо цэнтр не можа зарабляць вялікіх грошай, гэта некамерцыйная арганізацыя, а арэнда ‒ цяжкі груз для праекта.

0503GPN_7285.jpg

Гэтае месца ўжо крута мяняе жыцці многіх: нехта пачаў выходзіць з дому, хтосьці актыўна заняўся спортам, а хтосьці проста пачаў жыццё зноўку.

– Ёсць дзяўчына з Краснасельска. Яе так натхніў наш цэнтр і заняткі тэнісам, што яе муж дамовіўся з мясцовай школай: цяпер яна ездзіць у Рось і гуляе ў тэніс. Для яе гэта стала мэтай у жыцці. Спорт вельмі матывуе і надае ўпэўненасці. І апушчаныя рукі зноў падымаюцца!

Ініцыятыва «ЗЛЖ без абмежаванняў» рэалізуецца ў межах праекта «БЕЛМЕД», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ и ЮНФПА ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Арганізацыя-выканаўца: Гродзенская аб’яднаная арганізацыя грамадскага аб'яднання «Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў».