Сёння мужчына разам са сваімі калегамі прыйшоў на лекцыю па здаровым ладзе жыцця. Ініцыятыва «Здароўе ў кубе» стварыла сапраўдны «сардэчны патруль», які выязджае на прадпрыемствы і праводзіць карысныя лекцыі пра здароўе, а пасля, «не адыходзячы ад касы», вымярае жыццёва важныя паказчыкі: ціск і ўзровень цукру, халестэрыну ў крыві.
Навошта патрэбны такі патруль? Гісторыя Алега Аляксандравіча кажа сама за сябе: многія мужчыны не прывыклі сачыць за сваім здароўем і па лекарах калі не лянуюцца, то саромеюцца хадзіць.
– Як сардэчнік я назіраюся кожныя два месяцы, хоць раней за ўсё жыццё ціск мераў ад сілы пару разоў, ‒ распавядае мужчына. ‒ Цяпер і паліць кінуў, як атрымаў удар. Гэта быў складаны перыяд ‒ чаго я толькі не пераспрабаваў. Скажу так: пакуль сам не захочаш кінуць паліць, ніякія таблеткі і пластыры не дапамогуць.
«Пакуль гром не грымне, мужык не перахрысціцца»
Пасля лекцыі мы разам з Алегам Аляксандравічам адпраўляемся ў пункт аховы здароўя. Ён вырашае не губляць магчымасць і памераць ціск, цукар і халестэрын.

– Як было сказана ў лекцыі, дадому я таксама хаджу пешшу ‒ актыўнасць як-ніяк, ‒ мы блукаем з мужчынам па доўгіх калідорах прадпрыемства. ‒ Жыву, вядома, побач, але прагулка на 45 хвілін лепш, чым нічога. Затое заўсёднік басейна!
Ля пункта аховы здароўя ўжо з’явілася чарга, у асноўным з жанчын. Як кажа Алег Аляксандравіч, «пакуль гром не грымне, мужык не перахрысціцца».

– Заднім днём, вядома, думаў і шкадаваў. Мог раней пачаць клапаціцца пра сваё здароўе ‒ можа, і не здарылася б усяго гэтага. Але зараз ужо позна, ‒ са шкадаваннем кажа інжынер. ‒ Сярод маіх сяброў-мужчын такая ж гісторыя ‒ ідуць да доктара толькі па рэзкай неабходнасці.
Вядома, пасля лекцыі наўрад ці многія вырашаць змяніць свой лад жыцця. Але вось тое, што на прадпрыемстве можна адразу вымераць ціск і здаць кроў, ‒ гэта выдатна. Бывае, няма часу ісці ў паліклініку, сядзець у чарзе. А тут экспрэс-метадам можна атрымаць дадзеныя і заадно пракансультавацца з лекарам.

Паказчыкі Алега Аляксандравіча ў норме, медсястра з усмешкай на твары адпускае інжынера па яго рабочых справах. Але ў калідоры па-ранейшаму шумна ‒ разам з ініцыятывай на прадпрыемства прыехала ўрач-кардыёлаг, якая на месцы кансультуе і дае парады работнікам і работніцам, якія сядзяць у чарзе.
Ініцыятыва «Здароўе ў кубе» рэалізаваная ў рамках праекта БЕЛМЕД, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Арганізацыя-выканаўца: Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова «Праект 138 аб прафілактыцы і рэабілітацыі сардэчна-сасудзiстых захворванняў»
Фота: Сяргей Гапон