23 студзеня ў Мёрах стартаваў конкурс мясцовых ініцыятыў. Заяўкі будуць прымацца да 31 сакавіка, а вынікі стануць вядомыя ў траўні.
Мэта конкурсу: падтрымка грамадскасці і прадпрымальніцкай актыўнасці, уцягванне насельніцтва Мёрскага раёна ў працу па захаванні ўнікальнага прыроднага патэнцыялу раёна праз развіццё культурнага і крэатыўнага сектара, а таксама павышэнне ўзроўню развіцця сацыяльнай інфраструктуры і малога бізнесу ў раёне.
Конкурс мясцовых ініцыятыў на Мёршчыне пройдзе ўпершыню, што накладвае своеасаблівы адбітак на яго правядзенне. Мясцовыя жыхары на сённяшні дзень вельмі слаба знаёмыя з удзелам у грантавых праграмах, маюць недастатковы досвед у праектным мэнеджменце. Але дзякуючы рэалізацыі праекта “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”, у мясцовай грамадскасці ёсць ўнікальная магчымасць праявіць ініцыятыву і даказаць, што свет лепшым робяць не супергероі, а звычайныя людзі.
Праектныя заяўкі могуць быць пададзеныя ад НДА, грамадскіх аб’яднанняў, саветаў дэпутатаў, прадстаўнікоў аграэкатурызму, малога і сярэдняга бізнэсу, фермерскіх сядзібаў. Круг для работы шырокі, накірункаў дзейнасці хапае, засталося толькі ўсё пакласці на паперу і атрымаць фінансавыя сродкі на рэалізацыю сваёй ідэі. Тут трэба адзначыць, што падтрымку атрымаюць 10 ініцыятыў: 2 ініцыятывы па 60 тысяч еўра і 8 ініцыятыў па 10 тысяч еўра.
Фота – Вадзім Пучынскі
