image2 14.07.2020

Дваровы рух мяняе людзей

Як звычайны гомельскі прадпрымальнік запусціў вулічныя спаборніцтвы па футболе, стрытболе і фрысбі і што з гэтага выйшла.

– Памятаю, як у дзяцінстве ідзеш са школы, а на пляцоўцы мужыкі гуляюць у футбол. Прыходзіш дадому, пераапранаешся – і проста да іх на поле, – успамінае Сяргей.

Менавіта яму год назад прыйшла ідэя стварыць «Дваровы рух» – вулічныя спаборніцтвы: па суботах і серадах – футбол, па пятніцах – фрысбі, а па чацвяргах – стрытбол. І ўсё для таго, каб згуртаваць мясцовых жыхароў і даць падлеткам іншую рэальнасць – двор, дзе цябе чакаюць і прымаюць.

3001GPN_7793.jpg

Сяргею 42 гады. Ён звычайны гомельскі прадпрымальнік, тата траіх дзяцей. І вось ужо больш за 10 гадоў прасоўвае тэму бацькоўства – разам з іншымі татамі стварыў «Раду бацькаў горада Гомеля».

– Я бачыў пустыя двары і тое, як хлопцы растуць без бацькі. Ім няма ў каго папрасіць парады, няма з кім вырашыць пытанне. І такіх – кожны другі. А падлеткам патрэбны арыенцір у жыцці, чалавек, на якога яны могуць раўняцца і ведаць: яны патрэбныя гэтаму свету. Так з’явіўся «Дваровы рух».

3001GPN_7933.jpg

Вуліца ёсць вуліца. Тут свабода: можа прыйсці любы без падрыхтоўкі і ўключыцца ў гульню – яму не адмовяць. Прычым дзяўчат гэта таксама тычыцца: яны збіралі каманды і з хлопцамі ўдзельнічалі ў турнірах. У двары ўсе роўныя!

А летась да нас прыйшоў гуляць хлопец і праз тыдзень прапаў. Выявілася, яго пасадзілі – нейкая гісторыя з наркотыкамі. Так, ёсць розныя хлопцы, з розных сем’яў і з рознымі лёсамі, але ўсе яны людзі. Добрыя людзі. І да кожнага свой падыход.

«Дрэнных людзей не бывае, ёсць проста недаацэненыя»

– «Дваровы рух» мяняе людзей: сюды прыходзяць за зносінамі, за каманднай гульнёй і перамогай. Калі ў людзей ёсць мэта, то непатрэбнае адразу адпадае. Паспрабуй прыйдзі на турнір з цыгарэтай або півам – цябе тут як мінімум не зразумеюць, – кажа Сяргей.

Турніры праходзяць штотыдзень: каля 40 каманд адначасова на 6 пляцоўках горада б’ецца за перамогу. За спаборніцтвамі сочаць мадэратары – яны ж сустракаюць, рэгіструюць удзельнікаў і судзяць. Часцяком гэта таты, якія збіраюцца пасля працы.

За год у вулічных турнірах прымае ўдзел каля 2000 чалавек. Многія потым становяцца часткай ініцыятывы і дапамагаюць у падрыхтоўцы спаборніцтваў.

3001GPN_8353.jpg

Кірыл вучыцца на першым курсе на праграміста, але футбол у жыцці хлопца – важнае хобі. З дзяцінства ён з сябрамі ганяў мяч – праўда, як ён сам кажа, «без стымулу, так, дзеля цікавасці». Але апошнія тры гады ў школе Кірыл быў заняты фактычна кожную суботу – удзельнічаў у турніры «Дваровы рух».

– Гульні прынеслі ў маё жыцці шмат драйву і энергіі, а яшчэ мэту. Калі ёсць спаборніцкі дух, заўсёды цікава. Бывала, гуляеш, проста атрымліваеш асалоду ад моманту, а бонусам прылятае перамога – медаль і прызы. Гэта падымае дух, і наступную суботу ты наўрад ці ўжо прапусціш.

Тут я знайшоў шмат новых сяброў. Памятаю, як хлопцы паклікалі гуляць за іх каманду. Спачатку было страшна, думаў, што яны гуляюць агрэсіўна. Але ўсё выявілася зусім наадварот – добрыя і спагадлівыя, зараз мы сябруем.

Ініцыятыва «Дваровы рух» рэалізаваная ў рамках праекта БЕЛМЕД, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Фота: Сяргей Гапон