image2 24.07.2020

ЕС, CEPOL і Еўрапол запускаюць новы праект супраць арганізаванай злачыннасці

Еўрапейская камісія і Агенцтва Еўрапейскага саюза па падрыхтоўцы паліцэйскіх органаў (Еўрапейскі каледж паліцыі (CEPOL)) запусцілі новы праект па падтрымцы краін Усходняга партнёрства (Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Рэспублікі Малдова і Украіны) у іх барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. Еўрапейская камісія фінансуе гэтую ініцыятыву, якая рэалізуецца CEPOL і падтрымліваецца Агенцтвам Еўрапейскага саюза па супрацоўніцтве праваахоўных органаў (Еўраполам).

Як падкрэсліваецца ў сумесным камюніке ад 28 сакавіка аб палітыцы Усходняга партнёрства пасля 2020 года, арганізаваная злачыннасць прадстаўляе агульную праблему для Еўрапейскага саюза і краін Усходняга партнёрства. Для вырашэння гэтай праблемы нядаўна запушчаны праект будзе спрыяць больш глыбокаму супрацоўніцтву з агенцтвамі юстыцыі і ўнутраных спраў ЕС у мэтах больш эфектыўнай барацьбы з арганізаванай, у тым ліку эканамічнай, злачыннасцю.

«Мы ганарымся тым, што робім унёсак у барацьбу з арганізаванай злачыннасцю ў краінах-партнёрах, а таксама ў ЕС. Сеткі арганізаванай злачыннасці дзейнічаюць па-за рамкамі нацыянальных межаў, і, актывізуючы супрацоўніцтва, мы можам зрабіць так, каб здзяйсненне злачынстваў не апраўдвала сябе. Наша агульная мэта заключаецца ў стварэнні бяспечнага і справядлівага грамадства для ўсіх нас», ‒ заявіў Лоурэнс Мерэдыт, дырэктар Дэпартамента Усходняга суседства Еўрапейскай камісіі.

«Унікальная роля CEPOL, якая заключаецца ў стварэнні магчымасцей для прафесійнага навучання і наладжвання сувязяў для спецыялістаў праваахоўных органаў ЕС і краін Усходняга суседства, ляжыць у аснове місіі каледжа. Мы спадзяемся на цеснае супрацоўніцтва з шасцю краінамі-партнёрамі ў рэгіёне», ‒ заявіў выканаўчы дырэктар CEPOL, ганаровы доктар Дэтлеф Шродэр.

Выканаўчы дырэктар Еўрапола Катрын дэ Бол падкрэсліла, што «ТОПКОП» падвысіць аператыўную эфектыўнасць і паспрыяе глыбейшаму супрацоўніцтву паміж праваахоўнымі органамі дзяржаў-членаў ЕС і краін Усходняга партнёрства. Сумесная праца мае вырашальнае значэнне для выяўлення ўзаемасувязяў паміж міжнароднымі злачыннымі сеткамі ў ЕС і суседняга рэгіёну. Цэнтральнае месца Еўрапола ў архітэктуры еўрапейскіх праваахоўных органаў дае нам магчымасць спрыяць супрацоўніцтву ў рэгіёне».

Мэтай праекта «ТОПКОП» з’яўляецца павышэнне аператыўнай эфектыўнасці ва ўсіх краінах Усходняга партнёрства. Ён таксама ўмацуе ўзаемасувязі паміж падрыхтоўкай супрацоўнікаў праваахоўных органаў і аператыўнай дзейнасцю і прапануе актуальную сітуацыйную карціну пра тую пагрозу, якую арганізаваная злачыннасць прадстаўляе для рэгіёну.

У рамках праекта будуць стварацца сеткі кантактных пунктаў па нарошчванні патэнцыялу ў мэтах ліквідацыі любых разыходжанняў паміж аператыўнай і праваахоўнай дзейнасцю. Таксама будуць вызначаныя патрэбы ў навучанні ў разліку на правядзенне рэгіянальнага мэтавага навучання, заснаванага на доказах і ўніфікаванасці.

У рамках праекта будзе ў поўным аб’ёме выкарыстоўвацца шматгадовы адпаведны досвед CEPOL і Еўрапола ў ацэнцы патрэб і дасягненні мэт праваахоўных органаў у галіне навучання, а таксама ў правядзенні аналізу дадзеных аб злачыннасці ў мэтах падтрымкі міжнароднага супрацоўніцтва праваахоўных органаў.

Еўрапейскі саюз вылучыў 6 мільёнаў еўра на гэтую ініцыятыву, рэалізацыя якой зойме 48 месяцаў. Праект будзе ажыццяўляцца ў цесным супрацоўніцтве з органамі ўлады шасці краін Усходняга партнёрства сумесна з прадстаўніцтвам Еўрапейскага саюза ў рэгіёне.

У рамках больш шырокай ініцыятывы супрацоўніцтва ў памеры 10 мільёнаў еўра, ЕС аказвае фінансавую падтрымку і двух іншых кампанентаў: чатырохгадовага праекта па барацьбе з арганізаванай злачынасцю і яшчэ однаго, накіраванага на вяртанне атрыманых злачынным шляхам актываў (кіраванне ажыццяўляе Міжрэгіянальны Навукова-даследчы інстытут ААН па пытаннях злачыннасці і правасуддзя (UNICRI)).