Віцебск стаў фінальнай кропкай маршруту чацвёртага сезону фотавыставы «Праекты ў асобах». З 2015 года экспазіцыя пабывала ў 36 буйных і малых гарадах Беларусі, прадставіла праекты самых розных напрамкаў і маштабу, якія рэалізуюцца пры фінансавай падтрымцы Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь.
Героі праектаў – грамадскія дзеячы, прадстаўнікі мясцовых уладаў, супрацоўнікі міністэрстваў і ведамстваў, выкладчыкі, школьнікі, навукоўцы, інжынеры, фермеры – усяго 58 персанальных гісторый. У 2018 годзе выставачныя стэнды былі прадстаўлены ў 14 гарадах. Аўтар усіх чатырох сезонаў – беларуская фотамастачка Юлія Мацкевіч, чыё майстэрства надало экспазіцыі асаблівае эмацыйнае гучанне.
На адкрыццё выставы ў Віцебску па традыцыі прыйшлі героі і ўдзельнікі праектаў.
Вікторыя Астроўская, фельчар Беліцкай урачэбнай амбулаторыі, прадставіла праект «Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, папулярызацыя здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь (БЕЛМЕД)». Закупленыя ў рамках ініцыятывы «Не губляючы часу» 18 электраровараў дапамаглі скараціць час на дарогу фельчараў да пацыентаў у 3-5 разоў. Дзякуючы гэтаму амаль у два разы павялічылася колькасць выклікаў, што перанакіроўваюцца з раённай бальніцы на фельчарска-акушэрскія пункты. А гэта, у сваю чаргу, знізіла выдаткі на машыны хуткай дапамогі і дало адчувальную эканомію паліва.
– Электраровар павысіў эфектыўнасць маёй працы. Я магу хутчэй даехаць да пацыента, узяць з сабой больш лекаў, а значыць – своечасова дапамагчы большай колькасці людзей, – адзначыла Вікторыя Астроўская.
Міхаіл Мацкевіч, намеснік дырэктара «Офіса па правах людзей з інваліднасцю», прадставіў праект «Павестка-50» Правы людзей з інваліднасцю: павестка для Беларусі»:
– Больш за 30 актывістаў удзельнічалі ў падрыхтоўцы мясцовай павесткі. Задача праекта – дапамагчы людзям зразумець сутнасць і важнасць Канвенцыі аб правах інвалідаў, спрыяць распрацоўцы нацыянальнай палітыкі ў галіне інваліднасці. Ініцыятыва актыўна далучае ў гэты працэс мясцовых жыхароў, аб'ядноўвае людзей з розных рэгіёнаў для абмену вопытам і узаемападтрымкі.
Таксама ў адкрыцці фотавыставы прынялі ўдзел Наталля Стасевіч, каардынатар праектаў Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь, і Андрэй Карпаў, галоўны спецыяліст аддзела культуры Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта.
Выстава завершыць сваю працу ў Віцебску 10 снежня.