image2 21.06.2017

Партал «Зялёная мапа» – пераможца конкурсу Сусветнай сустрэчы на вышэйшым узроўні па пытаннях інфармацыйнага грамадства

Партал «Зялёная мапа» атрымаў прэстыжную ўзнагароду конкурсу Сусветнай сустрэчы на вышэйшым узроўні па пытаннях інфармацыйнага грамадства (ССУІГ 2017). Рэсурс заняў першае месца ў намінацыі «Электроннае навакольнае асяроддзе». Узнагароджанне пераможцаў конкурсу адбылося ў Жэневе (Швейцарыя) 13 чэрвеня 2017 г. у рамках правядзення Форума ССУІГ.

«Зялёная мапа» – грамадскі праект, які рэалізуецца арганізацыяй «Цэнтр экалагічных рашэнняў» пры падтрымцы праекта «Спрыянне пераходу Рэспублікі Беларусь да «зялёнай» эканомікі», што рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.

Награда_2.jpg

На партале сабрана інфармацыя пра значныя экалагічныя аб'екты: пункты збору; арганізацыі, што займаюцца аховай навакольнага асяроддзя; месцы, дзе знаходзяцца аб'екты, што працуюць на альтэрнатыўнай энергіі; унікальныя прыродныя зоны. «Зялёная мапа» дапамагае жыхарам Беларусі зрабіць сваё жыццё больш «зялёным» – даведацца, дзе ў іх горадзе можна здаць на перапрацоўку пластык, шкло, паперу і іншыя адыходы і другсыравіну, знайсці месцы размяшчэння сонечных панэляў, калектараў і ветрагенератараў, а таксама паркаў, сквераў, заказнікаў.

Награда_3.jpg

Узнагароды ССУІГ прысуджаюцца за выбітныя праекты, з дапамогай якіх мабілізуецца патэнцыял інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій для паскарэння сацыяльна-эканамічнага развіцця ва ўсім свеце. Конкурс праводзіцца па 18 катэгорыях, сёлета ў ім спаборнічалі 345 праектаў з усяго свету. У ходзе анлайн-галасавання, якое праходзіла з 30 сакавіка па 30 красавіка, была пададзена рэкордная колькасць галасоў – 1,1 млн. Сярод 90 праектаў, якія выйшлі ў фінал, экспертнае журы шляхам галасавання адабрала пераможцаў.

Праект «Спрыянне пераходу Рэспублікі Беларусь да «зялёнай» эканомікі», у рамках якога рэалізавана пілотная ініцыятыва, аказвае спрыянне Рэспубліцы Беларусь у фарміраванні эканамічнага ўзросту, заснаванага на «зялёных» прынцыпах, уключаючы экалагічна ўстойлівае і эканамічна мэтазгоднае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, прасоўванне экалагічна ўстойлівай вытворчасці і спажывання, стварэнне «зялёных» працоўных месцаў, змену мадэляў паводзін і функцыянавання прадстаўнікоў мэтавых груп у бок большай экалагічнай устойлівасці. Бюджэт праекта – 5 000 000 еўра.