«У нас раней на школьнай тэрыторыі ніводнай птушачкі не было, а цяпер вось якая прыгажосць», — паказвае дырэктар школы № 2 Талачына Тамара Сушкова на зялёны школьны двор, які пачаў змяняцца ў 2016 годзе. Тут разбілі сад, пасадзілі шмат кветак, паставілі цяпліцы і стварылі агарод, у якім цяпер вырошчваюць розную гародніну.
Пачатак усяму паклала мясцовая ініцыятыва, падтрыманая праектам ЭЗ/ПРААН «Спрыянне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь».
Яблыневы школьны сад зноў дае ўраджай
Ганна Збуржынская ў наступным годзе заканчвае школу, і ўсе змены адбыліся ў яе на вачах: «Тут была тэрыторыя, якая ўспрымалася як нарыхтоўка пад хакейную пляцоўку — ніякіх дрэў».
Цяпер усё змянілася ў лепшы бок, кажа дзяўчына. Сама яна займацца агародам любіць, але плануе з’ехаць у Мінск паступаць ва ўніверсітэт, магчыма, у Лінгвістычны. Дзяўчына паглыблена вывучае матэматыку і ангельскую мову: «Другі профіль у 11-м класе — аграрны. Там паглыблена вывучаюць хімію і біялогію, наведваюць дадатковыя заняткі хіміяй і біялогіяй, сумешчаныя з сельскай працай».
Ганна ўдзельнічае ў многіх школьных пачынаннях — у 2018 годзе актыўна займалася праектам «Клумба з вітамінамі. Салатны агарод», які атрымаў дыплом першай ступені на рэспубліканскім узроўні.
«Салата высаджвалася ў выглядзе лапікавай коўдры. Гэта быў вітамінавы арт-аб’ект. Мы ўсё рабілі разам з аднакласнікамі, а потым падарылі ўраджай Цэнтру сацабслугоўвання. Дома лапікавую коўдру з салаты, вядома, не высаджваем, але ў нас свой дом, так што агарод і сад ёсць», — распавяла дзяўчына.
Як адзначыла Тамара Сушкова, спачатку з’явілася мясцовая ініцыятыва па стварэнні вучэбнай аграэкасядзібы, дзе можна было б знаёміць цяперашніх школьнікаў з прафесіямі сельскагаспадарчага профілю. Ініцыятыва атрымала грант у памеры 17 045 даляраў у рамках праекта ЕС/ПРААН «Спрыянне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь».
«Мы купілі неабходныя ў працы на зямлі міні-трактар, плуг і акучнік, касілку і прычэп, садовыя тачкі, шматлікі інвентар для працы. Стварылі чатыры зоны: прышкольны агарод з агароднінных культур і кветак з незвычайнай формай градак, дэкаратыўнымі кампазіцыямі, сад, зону адпачынку, клумбы-кветнікі. Трыццаць туй і сто карлікавых яблынь таксама закупілі ў рамках праекта, амаль усе прыжыліся», — распавяла Тамара Сушкова.
Першы раз яблыні пладаносілі пазалетась, прычым вельмі багата. Ураджай зараз выкарыстоўваецца як падарунак — 1 верасня першакласнікам дораць кошык яблыкаў. Пасля атрымання сертыфіката ад санслужбы яблыкі ідуць і для харчавання дзяцей у школьнай сталовай, зрэшты, як і ўся вырашчаная гародніна.
«Гэта дазваляе зрабіць таннейшым школьнае харчаванне, — кажа дырэктар. — Наш праект, акрамя таго, што мы хацелі прышчапіць любоў да зямлі, вядзення сельскай гаспадаркі, першапачаткова быў разлічаны і на тое, каб падтрымаць харчаванне дзяцей. Абед для дзяцей у школе каштуе ў сярэднім 1 рубель 40 капеек. Дзякуючы праекту ў нас з’явіліся чатыры дзесяціметровыя цяпліцы, лішкі прадукцыі мы прадаем. Мы здымаем два ўраджаі — увесну высаджваем радыску, затым грошы ад яе продажу ўкладваем у насенны матэрыял. Увосень прадаем перцы».
Выпрабаванне рамонтам і каранавірусам
Школьны сад падвергся выпрабаванням — калі мянялі гарадскую цеплатрасу, давялося перанесці на іншае месца цяпліцы і зону адпачынку.
Аляксандра Шчаўрук, якая перайшла ў 10 клас з выдатнымі адзнакамі, распавядае, што ўдзельнічала ў стварэнні плана зоны адпачынку, а менавіта саду «Чатыры сезоны», але яго цяпер няма з-за ўсё таго ж рамонту цеплатрасы.
Яшчэ дзяўчына з задавальненнем успамінае праект «Беларускі Версаль», у якім актыўна ўдзельнічала: «Мы высаджвалі кветкі, даглядалі іх».
Цяпер праз каранавірус вучні ў працах на ўчастку задзейнічаны мінімальна. У асноўным за агародам даглядаюць настаўнікі, нават дырэктар поле градкі.
«Часам у мяне пытаюцца, — распавядае Тамара Сушкова, — маўляў, што, больш палоць няма каму? Я не бачу ў гэтым нічога ганебнага, мне гэта падабаецца. Сёлета ў нас агарод сціплы, вось летась можна было ахнуць. Мы ж праводзілі конкурс на найлепшую градку, а гэта стымул, гэта ўзнагароджанне на лінейцы. Цяпер мы проста падтрымліваем насаджэнні і чакаем, калі зможам разгарнуцца пасля каранавіруса».
Тамара Сушкова кажа, што ў яе школе няма ніводнага мерапрыемства, у якім бы яна не ўдзельнічала. Яна сама тут вучылася, а вярнулася настаўнікам малодшых класаў у 19 гадоў пасля заканчэння педвучылішча ў Оршы. Затым вучылася ў Віцебскім дзяржуніверсітэце імя Машэрава.
Кажа, што сярод цяперашніх настаўнікаў шмат выпускнікоў школы — 28 з 60 чалавек. А агародны праект Тамара Сушкова пачынала на пасадзе завуча:
«Я заўсёды кажу: калі ты добры настаўнік, хоць адзін чалавек у класе захоча пайсці па тваіх слядах. І ў тым, што, адвучыўшыся, спецыялісты вяртаюцца ў школу, я бачу тое, што настаўнікі паказалі ім нешта такое, што ім захацелася паўтарыць. У нашых дзяцей высокія навучальныя дасягненні, вельмі добры калектыў настаўнікаў, якія трымаюць высокі ўзровень падрыхтоўкі. Мне хочацца яшчэ больш павысіць канкурэнтаздольнасць нашай школы, якая лепшая ў горадзе. У гэтай сувязі зрабіць школу эстэтычна прывабным месцам вельмі важна».
«Праект аб’яднаў школьнікаў, настаўнікаў, бацькоў вакол школы»
Устойлівасць праекту надае мэтанакіраваная планамерная праца, кажа дырэктар. Раз у месяц тут праводзяць працоўны дэсант «Усе ў сад», у якім удзельнічаюць вучні 5-11 класаў. Маленькія дзеці расаду дапамагаюць вырошчваць, нейкія дробныя працы робяць.
Калі праект толькі пачынаўся, таксама працавалі ўсе разам: «Прыбіралі камяні, стары пабіты асфальт, завезлі сюды 150 вялікагрузных машын грунту, пашырылі зону агарода і саду да 25 сотак, па сутнасці, ператварылі ў пустку. Працавалі ўсе — хлопчыкі са старэйшых класаў, бацькі, настаўнікі».
Тамара Сушкова паказала фота на камп’ютары — вось трактар, вось працы па ўладкаванні, вось праекты, звязаныя з садам. «Працы, — кажа, — сапраўды было шмат, але і вынік добры».
І справа не толькі ва ўраджаі, але і ў тым, што праект аб’яднаў школьнікаў, настаўнікаў, бацькоў вакол школы, даў творчы імпульс і дзецям, адзначыла дырэктар. У школе кожны год з’яўляецца нейкі праект, звязаны з агародам — сёлета павінен быў быць «Аптэкарскі агарод», але прыйшлося адкласці ў сувязі з эпідэміяй каранавіруса.
«У нас раней на школьнай тэрыторыі ніводнай птушачкі не было, а цяпер вось якая прыгажосць, — кажа Тамара Сушкова. — Мы ж не толькі яблыні, а шмат іншых дрэў пасадзілі, так што гэта экалагічна спрыяльнае месца ў горадзе. Мы заўсёды вясной думаем, заселяцца ці не птушкі ў шпакоўні і сінічнікі. Селяцца. Зімой робім птушыную сталовую, і дзякуючы гэтаму птушкі да нас таксама прылятаюць. Увечары на школьным двары шпацыруюць і пенсіянеры, і бацькі з дзецьмі. У нас жа нават гульнявая пляцоўка для іх ёсць. Так што праект працуе для ўсіх гараджан».
Першакрыніца: Naviny.by. Артыкул падрыхтаваны сумесна з EU Neighbours East.
17.07.2020