Ніагара, Ігуасу, Вікторыя,… Павяцце! У Беларусі таксама ёсць вадаспад. Тут пастараліся прырода і чалавек. Каб яго знайсці, раней трэба было рабіць практычна дэтэктыўны вышук ці мець знаёмых сярод мясцовых. Але цяпер у вёсцы Павяцце Міёрскага (Мёрскага) раёна на будынку школы з’явіўся мурал з выявай знакамітага вадаспада на рэцэ Вята і картай, якая дапаможа турыстам знайсці яго.
Мурал стварыў стрыт-артар Яўген Сасюра ў межах праекта “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”, які рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.
Маляўнічы вадаспад на рацэ Вята мае цікавую гісторыю. У пачатку мінулага стагоддзя паблізу пабудавалі папяровую фабрыку. Спачатку да яе быў прыбудаваны млын, аднак энергіі для яго працы не хапала, і на беразе ракі пабудавалі гідраэлектрастанцыю. Яна забяспечвала электраэнергіяй не толькі завод, але і ўвест раён. Каб ГЭС працавала эфектыўней, у рэчышчы Вяты ўзвялі двухмятровую каменную сцяну. Так з’явіўся вадаспад, куды сёння імкнуцца многія турысты. А вось электрастанцыя ўжо даўно не працуе.
- Вадаспад на Вяце знаходзіцца побач з Павяццем, але часам турыстам даводзіцца паблукаць, таму на мурале я адлюстраваў не толькі сам вадаспад, але і карту з пад’ездамі да яго, - расказаў Яўген Сасюра. – Працавалася цудоўна: дапамагалі і надвор’е, і людзі, якія пазітыўна адгукаліся на маю працу.
Завітвай у Павяцце, рабі сэлфі з муралам і едзь глядзець вадаспад! А каб зрабіць вандроўку яшчэ больш цікавай, наведай Мёры, Пераброддзе і Дзісну, дзе дзякуючы праекту таксама створаны крутыя муралы.
- Усе гэтыя муралы вельмі розныя, але так ці інакш злучаны з тым месцам, дзе яны намаляваныя, - кажа спецыяліст АПБ па развіцці турызму Сяргей Рэзаў. - У Дзісне намаляваны партрэт Язэпа Драздовіча, які хадзіў у мясцовую гімназію, у Мёрах, бо гэта раённы цэнтр, - намаляваны ўсе галоўныя славутасці раёна. Што ж тычыцца Павяцця, то, вядома, галоўная славутасць гэтай мясцовасці - вадаспад на рацэ Вята! Мурал атрымаўся вельмі маляўнічым. Цяпер турысты могуць даведацца некалькі варыянтаў маршруту да вадаспаду і абраць любы з іх, каб палюбавацца славутасцю і сфатаграфавацца на яе фоне.
Адкрывай для сябе мясціны, якія здзіўляюць: Мёрскі край на іх багаты.
Кантакт для прэсы – Алеся Башарымава, спецыялістка АПБ па сувязях з грамадскасцю, basharymava@ptushki.org