image2 25.06.2020

Увасабленне ідэй і тонкасці экалагічнай тэматыкі ў прынтах: як прайшоў майстар-клас па маляванні з Воляй Кузьміч

18 чэрвеня адбыўся анлайн майстар-клас, прысвечаны стварэнню эка-крэатыву. У мерапрыемстве ўдзельнічала творчая моладзь, прадстаўнікі навучальных устаноў і тыя, хто імкнецца выкарыстоўваць мастацтва і дызайн для прасоўвання экалагічнай тэматыкі. Сваім досведам дзялілася вядомая беларуская мастачка-аніматар Воля Кузьміч.

Прадстаўнік структуры падтрымкі Пагаднення мэраў у Беларусі Наталля Андрэенка (МГА «Экапартнёрства») адкрыла сустрэчу і распавяла, што правядзенне мерапрыемства стала магчымым дзякуючы праекту «Падтрымка ініцыятывы «Пагадненне мэраў» у Беларусі», фінансаванаму Еўрапейскім саюзам, а таксама запрасіла ўсіх падрабязней знаёміцца з мерапрыемствамі, інфармацыйнымі матэрыяламі і навінамі на сайце праекта climate.ecopartnerstvo.by.

У працяг Воля Кузьміч распавяла пра сябе, што яна працуе над праектамі рознай тэматыкі і стварае арт для разнастайных прадуктаў ‒ мабільных дастасаванняў, гульняў, відэа, адзення, сувеніраў, публікацый. Яе праца прызнаная не толькі ў нашай краіне, Волю ведаюць і па міжнародных праектах. Як адзначыла мастачка, некамерцыйныя праекты ёй больш па душы, бо яны ставяць складанейшую задачу, заўсёды вельмі эмацыйныя. У свае працы Воля ўкладвае ўсе свае веды, жыццёвы досвед і, вядома, эмоцыі, таму мы заўсёды бачым вельмі пачуццёвы вынік.

Важнае месца ў працы аніматара займаюць праекты на экалагічную тэматыку. Гэта таксама знаходзіць водгук у біяграфіі Волі. Для МГА «Экапартнёрства» былі ілюстраваныя публікацыі, створаныя відэа і гульні, якія мяняюць уяўленні і звычкі людзей.

Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца кнігі «История об отходах», «У планеты высокая тэмпература: хто вінаваты i што рабіць?», рознаўзроўневая гульня «ecokids», «Упакоўка шукае сяброў». У працах можна ўбачыць дэталі з жыцця сям’і Волі, родных месцаў на Палессі.

8cb05e47946203.5889c3bb804c7_0-(1).jpg

0e78da18327961.jpg

Значную колькасць часу мастачка надала пытанням слухачоў. Частым пытаннем ад удзельнікаў было наступнае: «Як генеруюцца ідэі?» Воля падзялілася і гэтым сакрэтам. Мастачка адзначыла, што важны этап ‒ правільна скласці брыф. Пытанні, якія заўсёды ўключае аніматар: пра што пойдзе гаворка, мэта, пасланне, мэтавая аўдыторыя, эмоцыі. Адказы на гэтыя пытанні вызначаюць, якія інструменты будуць выкарыстаны ў працы.

Удзельнікі атрымалі абяцанае хатняе заданне. Воля запоўніла брыф «Беларускія каты і глабальнае пацяпленне», на які будуць абапірацца ўдзельнікі, ствараючы свой крэатыў. Таксама ў жывым эфіры намалявала сваю ідэю на тэму змены клімату і як яна ўплывае на наша жыццё. Удзельнікі тут жа сталі прапаноўваць ідэі, якія яны будуць развіваць.

Воля не пакінула ні аднаго пытання без адказу, а іх было нямала. Аніматар распавяла пра сваю адукацыю, грамадскую дзейнасць, як гэта дапамагае ў яе творчай працы, падзялілася перавагамі праграм, якія яна выкарыстоўвае, згадала пра досвед правядзення кароткатэрміновых навучальных курсаў.

Заставалася дачакацца і паглядзець, наколькі натхніліся ўдзельнікі і якія эка-крэатывы ім удалося стварыць. Працы можна ўбачыць у Інстаграме па хэштэгу #climatebelarus. А найлепшыя працы сабраныя на старонках МГА «Экапартнёрства» ў Facebook і Інстаграм.

Запіс майстар-класа можна паглядзець на старонцы МГА «Экапартнёрства» ў Facebook.