– Як я атрымаў траўму? Агнястрэльнае раненне! Можна так і расказваць: паехаў на разборкі, ‒ жартуе Віця. ‒ Але калі сур’ёзна, то куля прайшла побач з пазваночнікам і прабіла два лёгкія, а выбуховая хваля пашкодзіла спінны мозг.
Пасля траўмы Віця пачаў актыўна займацца спортам. Тады ён яшчэ не ведаў, што «стандартны» падыход пашкодзіць яго пазваночнік яшчэ больш.
– Я так узмоцнена цягаў жалеза, што два мае пазванкі сціснуліся і раз’ехаліся ‒ усё праз няведанне. Бо фактычна маё цела працуе да сярэдзіны, то бок, усё, што ніжэй за сонечнае спляценне, неактыўнае.
І ў становішчы седзячы мне нельга падымаць сур'ёзную вагу. Пазваночнік нестабільны: так бы мовіць, «ходзіць ходырам». Цяпер калі я падымаю вагу, то ў адной руцэ гіра, іншай абавязкова трымаюся за турнік або брусы. У інклюзіўным падыходзе важныя любыя нюансы.
Праз год трэніровак Жэня займаецца самастойна, Віця толькі прыглядае за тэхнікай.
«Інклюзіўны – значыць, для ўсіх»
Інклюзіўная зала для кросфіту стала першай у Лідзе і Беларусі. Трэніраваць хлопцаў прыехаў Віктар Захар’еў з Барысава. Улічыць усе нюансы пры адкрыцці залы адразу не ўдалося ‒ іх занадта шмат. Як кажа трэнер, «самая галоўная рэч, якую трэба памятаць, ‒ асаблівасць траўмы і дыягназу».
– Людзі з інваліднасцю вельмі розныя, траўмы непадобныя. Адны могуць цягаць штангу, іншыя ‒ працаваць толькі з вагой і рабіць абмежаваны комплекс практыкаванняў.
Напрыклад, у калясачнікаў могуць быць траўмы ад шыйнага да паяснічнага аддзелаў. У мяне траўма груднога ‒ дрэнна трымаю спіну і проста не змагу зрабіць практыкаванне са штангай седзячы. Я нават прэс не качаю ‒ бескарысна, працуе толькі верхняя частка.
А шыйны аддзел ‒ гэта наогул складана. Тут і рукі могуць не працаваць ‒ усё вельмі індывідуальна.
«На працу і дадому – вось і ўсё жыццё»
– Калі я толькі прыехаў у Ліду, бачыў, як жывуць хлопцы і дзяўчаты, ‒ распавядае Віця. ‒ У Жэні з Ленай адзін сцэнарый: на працу і дадому ‒ вось і ўсё жыццё. Зараз яны тры разы на тыдзень займаюцца па гадзіне ‒ гэта ж крута. Я па сабе ведаю, што спорт дае ўпэўненасць.
Але справа не толькі ў гэтым. Спорт ‒ гэта яшчэ і сіла, якая патрэбна пры кіраванні каляскай. Асабіста мне спорт даў магчымасць самастойна падымацца на лесвіцу да другога паверха. Я 17 гадоў жыў на другім паверсе, а пад’ёмніка не было. Так што ўсё сам, усё сам.
Алена займаецца каля года і стала больш актыўнай, трэнер кажа, нават скінула вагу.
– Вядома, арыгінальны кросфіт больш мабілізуе ніжнюю частку цела. Але ў нашым выпадку хлопцы і дзяўчаты не могуць прысядаць, скакаць. Таму я распрацоўваў праграмы індывідуальна, зыходзячы з асаблівасцей кожнага. Напрыклад, яны актыўна адціскаюцца, качаюць прэс, рукі.
Я даю ім аснову, каб далей яны маглі займацца без маёй дапамогі ‒ гэта галоўнае. Але калі шчыра, то любая зала ў любым горадзе мусіць улічваць асаблівасці розных людзей.
Інклюзіўны – значыць, для ўсіх. Так, гэта няпроста, мы ўбачылі па нашай зале: максімум на трэніроўку магу ўзяць не больш за два чалавекі. Але магчымасць займацца павінна быць ва ўсіх.
«Інклюзіўны кросфіт» – ініцыятыва праекта БЕЛМЕД, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ и ЮНФПА ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Арганізацыя-выканаўца: Лідская міжраённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў»
Фота: Сяргей Гапон
16.06.2020