– На той момант маёй дачцэ Вераніцы споўніўся годзік, – успамінае маладая мама. – У гэты перыяд дзеткі якраз пачынаюць актыўнічаць: вучацца хадзіць, бегаць, вывучаюць паліцы, шафы, разеткі і ўсё, што трапляецца на іх шляху. Таму тэма бяспекі мяне зацікавіла.
«Мы, дарослыя, думаем, што ўсё ведаем. Але мы памыляемся»
Першае, што зрабіла Анастасія, ‒ прайшла інтэрактыўную картудля маладых бацькоў. На прыкладзе рэальнай кватэры створаны тэст: трэба знайсці патэнцыйна небяспечныя месцы для дзіцяці. Напрыклад, у калідоры ‒ паліца для абутку з вострымі вугламі, а ў спальні ‒ адкрытая разетка і лекі на прыложкавай тумбачцы, якія забыліся схаваць.

– На справе атрымалася, што ні адзін тэст я не прайшла з першага разу. На фота 14 небяспечных кропак толькі ў спальні, я знайшла толькі 6 з іх, ‒ успамінае Анастасія. ‒ Мяне гэта вельмі ўразіла.
Тады мы жылі ў кватэры, якая не была прыстасаваная для дзіцяці: шмат вострых вуглоў, разетак, лесвіца. Мы, дарослыя, думаем, што ўсё ведаем. Але мы памыляемся. Здавалася б, элементарныя рэчы, на якія не звяртаем увагі, могуць сур’ёзна траўмаваць дзіця.
Так мама апынулася на трэнінгу. Спецыялісты падрабязна распавядалі аб патэнцыйна небяспечных месцах для дзіцяці, паказвалі, як можна абсталяваць кватэру, каб не здаралася выпадковых траўмаў.

– Я не раз бачыла, як у чаце мамы пісалі паведамленні: «Дзяўчаты, што рабіць, калі дзіця ўпала з крэсла?» або «Куды ехаць, калі дачка стукнулася галавой аб вугал тумбы?» Таму курс, які я прайшла, змяніў маё стаўленне да таго, якой павінна быць кватэра.
«Прыходжу ў госці і адразу аглядаю кватэру ‒ звычка»
– Сёння мы жывём у новай кватэры, дзе ўлічылі ўсе нюансы. Тэхніка па-за дасяжнасцю для дзіцяці, на дзвярах стаяць стопы, каб не прышчаміла пальчыкі. А на ўсіх вуглах і разетках стаяць заглушкі.
Цяпер я па-майстэрску вызначаю небяспечныя месцы. Прыходжу ў госці і адразу аглядаю кватэру ‒ звычка. Думаю, гэта той навык, які павінен мець кожны.

Ідэя ініцыятывы «Дзеці ў бяспецы» ‒ навучыць бацькоў ствараць бяспечную абстаноўку для дзіцяці. Паспрабуйце і вы прайсці інтэрактыўную карту – раптам удасца прайсці тэст з першага разу?
Ініцыятыва рэалізаваная ў рамках праекта БЕЛМЕД, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Арганізацыя-выканаўца: Інфармацыйна-практычная ўстанова «Цэнтр падтрымкі мацярынства і дзяцінства».
Фота: Сяргей Гапон