image2 08.07.2017

Першы ў Беларусі «зялёны» дах адкрыты ў Мар'інагорскай гімназіі

Першы ў Беларусі «зялёны» дах з'явіўся ў Мар'інагорскай гімназіі дзякуючы рэалізацыі маштабнага праекта «Спрыянне пераходу Рэспублікі Беларусь да «зялёнай» эканомікі», што рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза. Адкрыццё архітэктурна-ландшафтнага аб'екта адбылося 27 чэрвеня з удзелам прадстаўнікоў адміністрацыі Мінскай вобласці.

Green roof_1.jpg

Дах мясцовай школьнай цяпліцы стаў пілотнай пляцоўкай для рэалізацыі праекта. Зялёныя тэхналогіі дазволілі ўдыхнуць другое жыццё ў цяпліцу, дах якой быў мадыфікаваны з улікам замежнага вопыту ў галіне азелянення дахаў будынкаў і эксплуатацыі даху з глебавым покрывам. У ініцыятыве быў скарыстаны вопыт азелянення будынка Варшаўскай бібліятэкі.

У складзе кровельнага «пірага» створанага «зялёнага» даху – пліта перакрыцця, гідраізаляцыйны дыван, цеплаізаляцыйны пласт, прафіляваная дрэнажная мембрана, фільтравальны пласт і глеба.

Green_roof_5.jpg

Новы для Беларусі варыянт экадызайну не толькі надасць пабудове эстэтычны выгляд, але і мае цэлы шэраг пераваг – ад экалагічных да інжынерных і эканамічных.

«Зялёны» дах дазваляе вырашаць праблемы зніжэння колькасці зялёных зон у разліку на аднаго гарадскога жыхара. Паводле даследаванняў, 150 м² «зялёнага» даху дастаткова, каб забяспечваць 100 чалавек патрэбным кіслародам на працягу года. «Зялёны» дах з'яўляецца дадатковай крыніцай кіслароду, паглынае пыл і шкодныя газы з навакольнага асяроддзя, ствараючы пры гэтым натуральную зялёную зону і рэгулюючы вільготнасць паветра.

Green roof_2.jpg

Новы дах дазволіць істотна павялічыць тэрмін эксплуатацыі канструкцыі будынка: расліны на даху з'яўляюцца натуральнай абаронай ад ваганняў тэмператур, механічных пашкоджанняў, уплыву ўльтрафіялетавага апрамянення. Дзякуючы выдатным цеплаізаляцыйным якасцям зялёнага даху, забяспечваецца пасіўнае цеплазберажэнне – энергія захоўваецца ў зімовыя перыяды, а ў гарачую пару года дах не пераграваецца. Акрамя таго, дзякуючы фільтруючым якасцям зялёнага покрыва, «зялёны» дах дапамагае ачысціць дажджавую ваду, перш чым яна трапіць у глебу.

Пілотная ініцыятыва таксама мае і адукацыйны бок. Дах цяпліцы стане класам на адкрытым паветры, дзе вясной і ранняй восенню плануецца праводзіць школьныя заняткі па біялогіі і экалогіі. Набыўшы экалагічныя веды ў гімназіі, дзеці таксама будуць дзяліцца імі з бацькамі. Такім чынам, «зялёны» дах дапаможа фарміраванню экалагічнай свядомасці як у дзяцей, так і ў дарослых.

Green_roof_6.jpg

Праект «Спрыянне пераходу Рэспублікі Беларусь да «зялёнай» эканомікі», у рамках якога рэалізавана пілотная ініцыятыва па стварэнні «зялёнага» даху, аказвае спрыянне Рэспубліцы Беларусь у фарміраванні эканамічнага ўзросту, заснаванага на «зялёных» прынцыпах, уключаючы экалагічна ўстойлівае і эканамічна мэтазгоднае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, прасоўванне экалагічна ўстойлівай вытворчасці і спажывання, стварэнне «зялёных» працоўных месцаў, змену мадэляў паводзін і функцыянавання прадстаўнікоў мэтавых груп у бок большай экалагічнай устойлівасці. Бюджэт праекта – 5 000 000 еўра.