image2 08.11.2019

Неабходная інфраструктура: што такое веламаячкі і як яны могуць паўплываць на развіццё веларуху?

У канцы мінулага года прайшоў маштабны адбор заявак і прапаноў па паляпшэнні роварнай інфраструктуры і ўмоў развіцця роварнага руху ў рэгіёнах Беларусі. Дадзеныя мерапрыемствы праводзяцца ў межах праекта «Гарадскі веларух у Беларусі», падтрыманага Еўрапейскім саюзам. Усяго было даслана каля 90, а адабрана 24 заяўкі ад дзяржаўных і недзяржаўных некамерцыйных арганізацый.

У залежнасці ад прапаноў у розных гарадах Беларусі з'явяцца велапаркоўкі, велагаражы, стэнды для самастойнага рамонту ровараў (веламаячкі), велашколы, турыстычныя маршруты, а таксама будзе падрыхтавана сацыяльная рэклама.

Усяго плануецца набыць 43 ровара і ўсталяваць 21 веламаячок, 19 велапарковак і 4 крытыя велапаркоўкі для доўгачасовага захоўвання ровараў.

Работа па рэалізацыі прапаноў ўжо вядзецца. Першы веламаячок быў усталяваны ў Мінску. Ён знаходзіцца на вуліцы Лідскай, у мікрараёне Каменная Горка каля Храма Свяціцеля Мікалая Японскага. Прыход падзяляе экалагічныя каштоўнасці, падтрымлівае развіццё веларуху, таму і падаў заяўку на паляпшэнне велаінфраструктуры. Размяшчэнне стэнда для самастойнага рамонту ровараў у цэнтры аднаго з самых густанаселеных раёнаў робіць яго зручным і запатрабаваным.

У перыяд роварнага форуму «ПраРовар», які праходзіў 25-27 кастрычніка ў Гомелі, дзве велапаркоўкі і чатыры веламаячкі з'явіліся ў гэтым абласным цэнтры. Акрамя таго стэнды ўжо ўсталявалі ў Браславе, Наваполацку, в.Ляскавічы Шумілінскага раёна, Магілёве, Быхаве і Барысаве. А ў будучыні веламаячкі таксама будуць дапамагаць ў абслугоўванні ровараў жыхарам і гасцям Гродна, Вілейкі, в.Лаўрышава Навагрудскага раёна і в.Здзітава Бярозаўскага раёна.

Веламаячкі можна назваць наступным крокам у развіцці велаінфраструктуры. Калі велапаркоўкі і велагаражы дапамагаюць вырашыць штодзённую праблему захоўвання ровараў, то стэнды для самастойнага рамонту дазваляюць справіцца з экстранымі сітуацыямі. Усе крокі па рэалізацыі прапаноў, якія ўдзельнічалі ў адборы, накіраваны на тое, каб ровар стаў часцей выкарыстоўвацца як паўнавартасны транспарт для хуткіх і камфортных перамяшчэнняў па горадзе.