Пяць новых “сонечных” асвятляльных прыбораў з’явіліся на мясцовай брукаванцы. У горадзе мадэрнізавалі і старыя ліхтары: 54 натрыевыя лямпы замянілі на светладыёдныя. Гэтыя мерапрыемствы праведзены ў межах праекта “Браслаўскі раён – першы кліматычна нейтральны муніцыпалітэт Беларусі”, які рэалізуюць Браслаўскі раённы выканаўчы камітэт і Цэнтр экалагічных рашэннеў пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.
Такія змены памогуць зберагчы электраэнергію: кожная натрыевая лямпа спажывала 150 Ват у гадзіну, новая светладыёдная – усяго 53. Гэта значыць, што толькі на замене лямп Браслаў будзе эканоміць каля 11 731 Кілават-гадзін у год.
– Акрамя таго, падлічана: замена лямп на светладыёдныя дазволіць скараціць выкіды СО2 на 10,347 тоны у год! Для горада, які спрабуе максімальна знізіць выкіды і стаць кліматычна нейтральным, гэта ўпэўнены шаг наперад да мэты, – каментуе каардынатар праекта ад Браслаўсткага райвыканкама Алена Гірон.
Светладыёдныя ліхтары маюць шэраг пераваг: напрыклад, могуць выкарыстоўвацца даволі доўгі час, не шкозяць наваколлю, не награваюць рэчы, што знаходзяцца пад імі, не ствараюць электрамагнітных перашкод у электрасетцы.
У межах міжнароднага праекту мадэрнізавана частка вулічнага асвятлення – на вуліцах Кастрычніка і Садовай, што складае прыкладна пяць адсоткаў ад усіх гарадскіх ліхтароў. Агульны кошт замены лямп на светладыёдныя склаў 35 тысяч беларускіх рублёў.
Новыя ліхтары на сонечных батарэях патэнцыйна зберагаюць гораду каля 280 Кілават-гадзін у год (столькі энергіі сышло б, калі бы яны працавалі ад сеткі, а не ад сонца!).
– Але ліхтары на сонечных батарэях усталяваны ў горадзе не столькі для зберажэння, сколькі для папулярызацыі сучасных “зялёных” тэхналогій, у прыватнасці аднаўляльнай энергетыкі сярод мясцовых жахароў і турыстаў, – каментуе супрацоўнік Цэнтра экалагічных рашэннеў Дзмітрый Буронкін. – Мы жадаем паказаць, што такія тэхналогіі можна паспяхова выкарыстоўваць у Беларусі. Акрамя таго, турысты змогуць везці з Браслава “кліматычна нейтральныя” фотаздымкі: пляцоўка “Брукаванка” з новымі ліхтарамі – адно з самых папулярных у турыстаў месцаў.