image2 08.07.2020

Фельчар на электраровары

Надзея ўжо 46 гадоў працуе фельчарам у гарадскім пасёлку Обаль Віцебскай вобласці. Яна абслугоўвае 7 населеных пунктаў, у агульнай колькасці 400 чалавек. Але гэта цяпер, а раней было 11 пунктаў і больш за 1000 жыхароў.

– Па размеркаванні мяне накіравалі ў Менск, але бацькі захацелі, каб я засталася ў пасёлку. Так што я выйшла замуж, нарадзіла двайнят, адзін год прабыла ў дэкрэце і выйшла на працу ў ФАП (фельчарска-акушэрскі пункт). Столькі не жывуць, – жартуе Надзея.

– Усе гэтыя гады на адным месцы, у адным будынку – ведаю кожную трэшчыну. І мне так хочацца, каб пасля майго сыходу абнавілі ФАП, каб людзі маглі добра працаваць, – шэптам дзеліцца фельчар.

«Тут я за ўсіх – за хірурга, тэрапеўта, гінеколага і акушэрку»

– Многія могуць думаць, што праца тут лёгкая, але гэта не так. З самай раніцы прыёмы, працэдуры, потым абыход па выкліках. Тут я за ўсіх – за хірурга, тэрапеўта, гінеколага і акушэрку. Калі паставіш не той дыягназ – людзі табе перастануць давяраць.

0106GPN_4948.jpg

Радыус абслугоўвання вельмі вялікі. А калі экстраны выклік, як я дабягу да суседняй вёскі? Ніяк. І нават калі выклікаць «хуткую», патрэбны час.

Таму, калі з’явіліся электраровары, не перадаць словамі – зусім іншая праца пачалася. Так што маладой змене лекараў тут мусіць працавацца добра.

На электраровары я з 2017 года, і ўсё працуе выдатна. Асабліва калі правільна выкарыстаць, не марозіць на холадзе і своечасова зараджаць. За ўсе тры гады нічога не мяняла. Тут, як і з любой рэччу: калі ты яе беражэш, то яна праслужыць доўга.

«У дзень на ровары праязджаю да 20 км, хоць раней хадзіла пешшу»

Ровар для Надзеі не стаў адкрыццём. Яна з дзяцінства ганяла на двухколавых, прычым так, што аднойчы ўпала і атрымала страсенне мозгу. Але гэта ніколі не спыняла фельчара – у маладосці яна ездзіла на матацыкле. Надзея ўсё жыццё была актыўнай, так што цяпер, у свае 65 гадоў, не сыходзіць на пенсію: «Пакуль ёсць сілы, буду працаваць».

0106GPN_5102.jpg

– Кожны дзень праязджаю па-рознаму. Калі гэта падваравы абыход, можна пераадолець і больш за 20 кіламетраў. Пакуль да вёскі даеду, потым усе двары абыду, і яшчэ дарога назад. Як раней было? Пешшу! Раніцай на месцы прымаеш людзей, потым зачыняеш ФАП і ідзеш па выкліках пешшу, незалежна ад таго, скончыўся працоўны дзень або не.

Першы час людзі на электраровар рэагавалі так, нібы самалёт прызямліўся. Усе падыходзілі, разглядалі, нават прасілі пракаціцца. Пыталіся і суму, і дзе купіць. Але ў вёсцы такі купіць нерэальна ‒ вялікія грошы! Была б магчымасць, купілі б многія, для любой бабулькі гэта ж такая дапамога ў перамяшчэнні.

Літаральна два дні таму патэлефанавалі: дзіцятка 6 месяцаў, тэмпература 40,5. Я хутка выклікала «хуткую», сама на ровар – і туды. Зрабіла літычную, падрыхтавала дзіцятка, тэмпература ўпала – і тут якраз прыехала «хуткая». Вядома, яны яго забралі. А калі б не ровар – пешшу ці бегчы, язык на зубы паклаўшы?



– Трэба любіць людзей – гэта галоўнае ў медыцыне. Для нас няма розніцы, п'е ён ці не, у кожным трэба бачыць чалавека. Можа, мяне нехта і не любіць, але я люблю ўсіх, мне яны падабаюцца.

Ініцыятыва «Не губляючы часу» рэалізуецца ў рамках праекта БЕЛМЕД, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Арганізацыя-выканаўца: Сенненская раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын».

Фота: Сяргей Гапон