У першым апытанні, які праводзіўся ў 2016 годзе, прыняло ўдзел больш за тры тысячы чалавек, а у 2019 годзе было сабрана 1315 анкет. Удзельнікам апытання прапаноўвалася запоўніць анкету ў друкаваным выглядзе або анлайн.
Як паказала апытанне, палачане сталі больш эканоміць энергію дома і задумвацца пра навакольнае асяроддзе. На пытанне, ці стараецеся вы эканоміць энергію дома, у 2019 годзе станоўча адказалі 85,96%. У 2016 годзе толькі 79,40% палачан імкнулася эканоміць энергію.

Жыхары Полацка сталі больш задумвацца аб энергаэфектыўным асвятленні. У 2019 годзе 32,31% апытаных замяніла ў хаце ўсе лямпачкі на энергазберагальныя ці святлодыёдныя. У 2016 годзе толькі 23,55% цалкам перайшло на энергазберагальнае / святлодыёднае асвятленне.
Асноўнай матывацыяй пачаць эканоміць электраэнергію дома для палачан застаецца выгада для сямейнага бюджэту (ў 2016 – 59,77%, у 2019 – 69,51%). Аднак больш людзей стала пераходзіць на энергаэфектыўнае асвятленне, бо клапоцяцца аб навакольным асяроддзе. У 2016 пра карысць для прыроды задумваліся 17,83%, у 2019 – ужо 31,19%.
Жыхары горада сталі таксама больш эканоміць ваду. У 2019 годзе 67,46% палачан імкнуцца скарачаць час прыняцця душа, у 2016 годзе аб гэтым задумваліся толькі 59,27%. На пытанне, ці выключаеце вы ваду, калі мыеце посуд, гародніну і садавіну, ці за мыццем і чысткай зубоў, у 2019 годзе станоўча адказалі 62,90% апытаных, у 2016 такой звычкай валодала толькі 51,07%.
Варта адзначыць, што людзі сталі больш гатовыя адмовіцца ад асабістага аўтамабіля, больш хадзіць пешшу і карыстацца роварам. У 2016 годзе такіх ахвотных было 15,77% апытаных, а у 2019 годзе ўжо 30,79% гатовы адмовіцца ад аўтамабіля дзеля эканоміі рэсурсаў.
Аднак усё-такі не ўсе ахвотны адмаўляцца ад камфорту і змяняць свае звычкі. Напрыклад, ў 2016 годзе мікрахвалевай печой карысталася 74,90% жыхароў Полацка, а у 2019 годзе – 78,55%. Палачане таксама сталі больш карыстацца электранагравальнікамі ў халодны час (ў 2016 годзе – 33,63%, у 2019 – 44,80%).
Тыя гараджане, якія гатовыя змяняць свае звычкі, падзяліліся цікавымі парадамі. Напрыклад, адвучыць дзіця прымаць ванну кожны дзень, зрабіць у кватэры занаванне для асвятлення, праверыць электраправодку, зрабіць святло, якое рэагуе на наяўнасць людзей у памяшканні, паменш гуляць у тэлефон або планшэт, класціся спаць раней.
Вынікі апытанняў 2016 і 2019 гадоў паказваюць, што жыхары Полацка сталі нашмат адказней падыходзіць да пытання эканоміі рэсурсаў. Палачане сталі гатовы змяняць свае звычкі на больш энергаэфектыўныя, клапаціцца не толькі аб сваім бюджэце, але і аб навакольным асяроддзі. Шмат у чым гэтаму спрыяла пастаянная інфармацыйная праца з насельніцтвам, якая вядзецца ў рамках ініцыятывы "Пагадненне мэраў па клімаце і энергіі" – у першую чаргу, такія штогадовыя мерапрыемствы, як Дні энергіі і Тыдзень мабільнасці.
Вынікі апытанняў за 2016 і 2019 можна паглядзець тут.
Апытанні праводзіліся як частка праекту “ГарCвятло”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам у межах ініцыятывы EU4Energy. Праект рэалізуюць Полацкі раённы выканаўчы камітэт і Фонд “Інтэракцыя”.