image2 14.04.2020

Еўрапейскі саюз падтрымае тры новыя бізнес-ініцыятывы па паляпшэнні прадпрымальніцкага асяроддзя ў рэгіёнах Беларусі

Ініцыятывы, накіраваныя на развіццё інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва ў Барысаўскім, Браслаўскім і Хойніцкім раёнах, сталі пераможцамі дадатковага конкурсу ў рамках праекта «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь. Агульны бюджэт падтрымкі ‒ 250 тысяч долараў ЗША.

Рэалізацыя гэтых ініцыятыў дапаможа мясцоваму бізнесу лепш рэагаваць на змяненне эканамічных умоў у сітуацыі нявызначанасці, выкліканай надзвычайнымі сітуацыямі, накшталт COVID-19. Акрамя гэтага, новыя ініцыятывы будуць спрыяць стварэнню новых працоўных месцаў, павышэнню ўстойлівасці бізнесу і павелічэнню колькасці малых і сярэдніх прадпрыемстваў.

Так, у Барысаўскім раёне Мінскай вобласці плануецца стварэнне рэгіянальнага тэхнапарка «Інката-Бор», які будзе прапаноўваць прадпрымальнікам адукацыйныя, інжынірынгавыя і кансалтынгавыя паслугі для стымулявання інавацый. Плануецца, што падчас завяршэння ініцыятывы ў 2021 годзе колькасць рэзідэнтаў складзе 16, а колькасць працаўнікоў не меней за 28 чалавек. Аб’ём вытворчасці інавацыйнай прадукцыі рэзідэнтаў тэхнапарка «Інката-Бор» складзе не менш за 1,3 млн долараў ЗША. 

У Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці будзе створаны Цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва ў сферы вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі і аграэкатурызму. Прадпрымальнікам прапануюць гатовыя рашэнні і практычныя інструменты для стварэння і развіцця бізнесу ў сельскіх рэгіёнах. Чакаецца, што ў раёне з’явяцца бізнес-навігатар ‒ адзіная інтэрактыўная карта, і бізнес-школа ‒ платформа, якая прапануе навучальныя мерапрыемствы па стварэнні, развіцці і прасоўванні бізнесу. У ходзе рэалізацыі ініцыятывы будзе створана не менш за 50 новых працоўных месцаў, а колькасць малых і сярэдніх прадпрыемстваў узрасце не менш чым на 15% у год.

Бізнес-цэнтр «Трамплін», які будзе створаны ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці, арганізуе серыю бізнес-трэнінгаў для прадпрымальнікаў-пачаткоўцаў і прадстаўнікоў бізнесу, які толькі развіваецца, самазанятых, моладзі, жанчын. Больш за 90 мясцовых жыхароў падвысяць свае кампетэнцыі ў бізнес-планаванні, дыгіталізацыі бізнесу, развіцці бізнес-партнёрства і выхадзе на новыя рынкі. 15 кампаній і 80 прадпрымальнікаў атрымаюць адрасную дапамогу ў развіцці ўласнай справы ‒ юрыдычнае і бухгалтарскае суправаджэнне, стварэнне вэб-сайта.

Разам з арганізацыямі-пераможцамі над рэалізацыяй ініцыятыў будуць працаваць бізнес-інкубатары, якія дзейнічаюць на тэрыторыі раёнаў, абласныя і раённыя выканаўчыя камітэты, банкі, навучальныя ўстановы, сродкі масавай інфармацыі, прадпрымальнікі.

У перыяд са студзеня па люты 2020 года для ўдзелу ў дадатковым конкурсе была прадстаўлена 31 заяўка з 6 пілотных раёнаў праекта. 29 заявак былі прынятыя да разгляду.