У Полацку 19 лютага ў Палацы культуры "Шкловалакно" пройдзе фінальная канферэнцыя праекта "Гарсвятло", дзе будуць прадстаўлены вынікі самай маштабнай мадэрнізацыі гарадскога асвятлення ў Беларусі.
Праект "Гарсвятло" рэалізуецца ў Полацку з 2015 года пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза. Дзякуючы праекту, на 28 вуліцах горада з'явіліся амаль дзве тысячы новых святлодыёдных свяцілень, новыя апоры асвятлення, шафы кіравання, 12 аўтаномных свяцілень на сонечнай энергіі; таксама новую дэкаратыўную падсветку атрымалі 26 гарадскіх аб'ектаў, уключаючы ўздым да Сафійскага сабора, бульвар па праспекце Францыска Скарыны і мост праз Заходнюю Дзвіну.
На канферэнцыі "Вулічнае асвятленне ў гарадах Беларусі: сучаснасць і будучыня" будзе магчымасць даведацца, як мадэрнізавалася асвятленне ў Полацку і як новае святлодыёднае асвятленне дапамагае гораду эканоміць энергію, а таксама абмеркаваць з экспертамі актуальную сітуацыю і перспектывы развіцця "разумнага асвятлення" у Беларусі. Плануецца, што ў межах канферэнцыі Полацк і некалькі іншых гарадоў Беларусі падпішуць дэкларацыю аб далучэнні да новых мэтаў Пагаднення мэраў па клімаце і энергіі, каб і далей ўносіць ўклад у скарачэнне выкідаў СО2.
Падчас канферэнцыі пройдуць панэльныя дыскусіі аб тэхналогіях у гарадскім асвятленні, а таксама пра важнасць энергаэфектыўнага асвятлення для ўстойлівага развіцця гарадоў. Тэхнічныя спецыялісты змогуць наведаць выставу сучаснага абсталявання для мадэрнізацыі вулічнага і дэкаратыўнага асвятлення.
Усе жадаючыя змогуць паслухаць лекцыю "Светадызайн ў гарадскім асяроддзі". Сяргей Сізы, заснавальнік і крэатыўны дырэктар студыі светлавога дызайну LiDS, член міжнароднага саюза светадызайнераў IALD, раскажа, як працуе свет у гарадскім асяроддзі, і прааналізуе апошнія тэндэнцыі светлавой урбаністыкі. Пачатак лекцыі а 17.00.
У канцы канферэнцыі а 18.30 адбудзецца афіцыйнае адкрыццё і дэманстрацыя працы новага вулічнага і дэкаратыўнага асвятлення і сістэмы кіравання, устаноўленых у межах праекта «Гарсвятло».
Больш падрабязна аб праекце "Гарсвятло"
