Мікіта родам з Докшыц. У яго горадзе варкаўт-пляцовак няма. Каб заняцца спортам, трэба не проста захацець, але і стварыць для сябе ўмовы – інакш ніяк.
– Раней я захапляўся камп’ютарам, думаў, прысвячу гэтаму жыццё. Але потым пераключыўся на спорт. Пачынаў з простых падцягванняў, – успамінае хлопец. – Потым абсталяваў сабе пляцоўку за домам: павесіў грушу, уцяжарвальнікі, зварыў гантэлі.

Мікіта хутка дасягнуў поспеху ў спорце, і яго запрасілі выступіць у Бягомлі на адкрыцці шматфункцыянальнай варкаўт-пляцоўкі.
– Такіх пляцовак павінна быць больш. Прычым у кожным горадзе. Бо растуць дзеці, развіваюцца, а займацца няма дзе. Бываў на гэтай пляцоўцы яшчэ пару разоў, але мой горад за 30 кіламетраў, далекавата ездзіць, ‒ усміхаецца хлопец.
«Пляцоўку зрабіў сам: павесіў грушу, уцяжарвальнікі і зварыў гантэлі»
– Нават мой тата, калі я пабудаваў пляцоўку за домам, праявіў цікавасць да спорту. Правільна, чаму не пазаймацца, калі сын кожны дзень на пляцоўку ходзіць? Уявіце, калі б у Докшыцах адкрылі такі ж комплекс. Гэта ж цэлая падзея для горада!

Сёння Мікіта вучыцца ў Ваеннай акадэміі, займаецца ваенна-прыкладным мнагабор’ем. Пра свае поспехі кажа сціпла. Яго гісторыя ‒ добры прыклад таго, як трэба ісці да сваёй мэты, нягледзячы ні на што.
Але ўсё ж: калі б такая пляцоўка з'явілася ў кожным горадзе, якім бы папулярным стаў спорт сярод дзяцей і дарослых.

Ініцыятыва «Тэрыторыя актыўнага жыцця» рэалізуецца ў рамках праекта БЕЛМЕД, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Арганізацыя-выканаўца: Віцебскае абласное моладзевае грамадскае аб’яднанне «Цэнтр садзейнічання тэрытарыяльнаму развіццю і прававому інфармаванню «Перспектыва».
Фота: Сяргей Гапон