– У гэтай школе я працую з першага дня ‒ з 1 верасня 1984 года. А мой агульны стаж ‒ 46 гадоў, ‒ распавядае Леанід Афанасьевіч, настаўнік фізкультуры. Ён трэніруе хакейную і футбольныя каманды. За ўвесь час працы медалёў і кубкаў назапасілася столькі, што для іх адвялі асобны пакой.
– Нашай варкаўт-пляцоўцы ўжо тры гады. Раней тут былі прасцейшыя турнікі, не параўнаць з гэтымі, ‒ кажа настаўнік фізкультуры. ‒ Дзякуючы пляцоўцы змяніўся падыход да заняткаў фізкультурай: урокі сталі цікавейшымі і актыўнейшымі. Зараз можна задзейнічаць цэлы клас ‒ ніякай чаргі для падцягванняў.

– У такіх невялікіх мястэчках, як наша, вельмі патрэбная папулярызацыя спорту, але яшчэ важней ‒ месца, куды можна прыйсці. Калі бацькі могуць займацца разам з дзецьмі на пляцоўцы ‒ гэта найлепшая рэклама здаровага ладу жыцця, ‒ кажа Леанід Афанасьевіч.
«Будзем шчырымі: весці за сабой школьнікаў усё складаней»
– Будзем шчырымі: весці за сабой школьнікаў усё складаней. У іх іншыя куміры. Але калі старацца, паказваць актуальны прыклад, даваць абсталяванне, то ўсё магчыма.

На адкрыццё пляцоўкі прыязджалі майстры варкаўту з майстар-класамі. Для аграгарадка гэта стала важнай падзеяй і ўзорам. Пляцоўка так спадабалася, што па вечарах сюды пачалі хадзіць мясцовыя жыхары. Варкаўт стаў папулярным сярод гараджан.
– Хлопцы навучыліся сур'ёзным практыкаванням, пра якія раней і не чулі. Менавіта пасля майстар-класа яны захапіліся турнікамі: абароты заднім хватам, выхад з-пад турніка, замок, залёт на турнік, лач-гейнер.


Леанід Афанасьевіч марыць пра развіццё пляцоўкі: футбольнае і хакейнае поле, а яшчэ трэнажоры ‒ сюды яны так і просяцца.
Ініцыятыва «Тваё здароўе ў тваіх руках» рэалізаваная ў рамках праекта БЕЛМЕД, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ и ЮНФПА ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.