Стварэнне сеткавай інфраструктуры для падтрымкі інавацыйнага прадпрымальніцтва моладзі на платформах вытворчых лабараторый

Пра праект:

Тэрміны: 31.05.2016-30.05.2019

Бюджэт: 571 271 €

Арганізацыя-выканаўца: 

Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт;

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт;

Рэспубліканскае інавацыйнае ўнітарнае прадпрыемства “Навукова-тэхналагічны парк БНТУ “Палітэхнік”

Геаграфія: Вялікабрытанія, Данія, Францыя, Палтугалія, Іспанія, Бельгія, Беларусь, Украіна

Апісанне

Нацыянальная стратэгія сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі да 2020 года прадугледжвае пераход да інавацыйнага шляху развіцця эканомікі і павышэнне канкурэнтаздольнасці айчыннай навукі. Гэта патрабуе больш якаснай падрыхтоўкі спецыялістаў, здольных не толькі генераваць ідэі, але і ўкараняць новыя распрацоўкі ў вытворчасць і сацыяльную сферу. Матываваць студэнтаў да інавацыйнай дзейнасці закліканыя вытворчыя лабараторыі (фаблабы), створаныя на базе галоўных ВНУ.

Мэты і задачы: Стварыць умовы для развіцця інжынернай крэатыўнасці сярод студэнтаў і іх уцягнення ў прадпрымальніцкую дзейнасць, а таксама спрыяць працаўладкаванню маладых спецыялістаў. Сфармаваць сістэму падтрымкі моладзевага інавацыйнага прадпрымальніцтва, выкарыстоўваючы ўзаемадзеянне ўніверсітэтаў, бізнес-структур і вытворчых прадпрыемстваў. Распрацаваць методыкі выкладання, мадэрнізаваць вучэбныя праграмы ўніверсітэтаў-удзельнікаў праекта.

Прамежкавыя вынікі: У краінах-партнёрах будзе створана пяць фаблабаў: два – у Беларусі, тры – ва Украіне. Лабараторыі ўкамплектуюць спецыяльным абсталяваннем для хуткай распрацоўкі і ўкаранення прататыпаў і мадэляў разнастайных прыстасаваннях і прылад. Тут студэнты інжынерных спецыяльнасцей змогуць рэалізаваць свае праектныя ідэі на практыцы.

Плануецца распрацаваць пяць навучальных модуляў па спецыяльнасцях: тэорыя рашэння вынаходніцкіх задач; 3D-дызайн і мадэляванне; хуткі выраб і вытворчасць прататыпаў і мадэляў прылад; праект-менеджмент; даследаванне рынку. Эфектыўнасць гэтых методык будзе правераная на практыцы ў рамках навучання пілотнай групы студэнтаў. У перспектыве навучальныя модулі плануецца ўключыць у праграмы ВНУ-ўдзельнікаў праекта ў якасці факультатыўных матэрыялаў.

Партнёрскія сувязі, усталяваныя ў рамках праекта паміж прадстаўнікамі навукі, вытворчасці і бізнесу Беларусі, Украіны і краін ЕС, дазволяць сфармаваць сістэму падтрымкі моладзевага інавацыйнага прадпрымальніцтва на лакальным, рэгіянальным і міжнародным узроўнях.

Кантакты: Наталля Тамашэвіч, кіраўнік цэнтра міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва Рэспубліканскага інавацыйнага ўнітарнага прадпрыемства “Навукова-тэхналагічны парк БНТУ “Палітэхнік”

+375 17 292 80 81, +375 29 178 28 68, tamashevich@icm.by

Спасылкі ў інтэрнэце: www.fablab-erasmus.eu