Падтрымка жанчын, якія пацярпелі ад гвалту ў сям’і, і іх дзяцей: павышэнне ўзроўню інфармаванасці і аказанне комплекснай дапамогі
Пра праект:
Тэрміны: 01.06.2014 – 31.12.2016
Бюджэт: 245 000 € (унёсак ЕС)
Арганізацыя-выканаўца: Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Гендарныя перспектывы”
Партнёры:
Рэлігійная дабрачынная арганізацыя “Карытас Лінц” (Аўстрыя)
Аўстрыйская Арганізацыя дапамогі краінам у развіцці (OEZA)
Аўстрыйскае агенцтва па развіцці (ADA).
Геаграфія: Рэспубліка Беларусь
Апісанне
Паводле дадзеных сацыялагічных даследаванняў, кожная трэцяя жанчына ў Беларусі пакутуе ад фізічнага гвалту ў сваёй сям’і. “Выйсце ёсць заўсёды!” – лічаць спецыялісты праекта, вырашаючы праблему комплексна, з шырокай інфармацыйнай падтрымкай.
Агульныя мэты: доступ жанчын, якія пацярпелі ад гвалту ў сям’і, да комплекснай дапамогі, павышэнне якасці і эфектыўнасці сацыяльных паслуг; умацаванне міжведамаснага супрацоўніцтва дзяржаўных устаноў і грамадскіх арганізацый, якія аказваюць дапамогу пацярпелым ад гвалту, у тым ліку праз падтрымку міні-праектаў дзяржаўных і некамерцыйных арганізацый; павышэнне ўзроўню інфармаванасці насельніцтва аб праблеме хатняга гвалту і спосабах яе вырашэння.
Прамежкавыя вынікі: У ліпені 2015 года ў Мінску была арганізаваная кватэра часовага бяспечнага знаходжання для жанчын, якія пацярпелі ад гвалту ў сям’і, і іх дзяцей. Яе паслугамі ўжо скарысталіся 32 жанчыны і 35 іх непаўналетніх дзяцей. Дадаткова ў рамках праекта 202 жанчыны атрымалі дапамогу спецыялістаў: псіхолага, юрыста і адваката, лекара, спецыяліста па сацыяльнай рабоце.
62 спецыялісты па сацыяльнай рабоце і псіхолагі ўмацавалі свае прафесійныя навыкі ў галіне аказання дапамогі пацярпелым ад гвалту ў сям’і на трох навучальных семінарах з удзелам экспертаў з Аўстрыі. Падчас візіту ў Аўстрыю група спецыялістаў дзяржаўных органаў і грамадскіх арганізацый з Беларусі пазнаёмілася з досведам, сацыяльнымі тэхналогіямі аказання дапамогі пацярпелым ад хатняга гвалту, а таксама вывучыла асаблівасці арганізацыі карэкцыйных праграм для вінаватых у гвалце.
Відэаролік сацыяльнай рэкламы “Выйсце ёсць заўсёды” з нумарам агульнанацыянальнай гарачай лініі для пацярпелых ад хатняга гвалту 8-801-100-8-801 дэманструецца на цэнтральных тэлеканалах краіны. Інфармацыйныя матэрыялы праекта, у прыватнасці, адказваюць на пытанні: куды могуць звяртацца па дапамогу пацярпелыя ад гвалту жанчыны з дзецьмі; як участковыя міліцыянеры павінны рэагаваць на паведамленні аб фактах гвалту ў сем’ях; як працуе алгарытм прыцягнення да адказнасці за здзяйсненне хатняга гвалту.
Кантакты:
Ганна Коршун, кіраўнік праектаў,
+375 17 211 02 51, info@genderperspectives.by
Спасылка ў інтэрнэце: http://www.genderperspectives.by/