image2 22.07.2020

Мінус 130 км. Дзецям з Талачына больш не трэба ездзіць на рэабілітацыю ў Віцебск

Яшчэ нядаўна Талачынскім дзецям, якім была патрэбна рэабілітацыя, даводзілася ездзіць у абласную бальніцу, а да Віцебска амаль 130 кіламетраў. Цяпер рэабілітацыя праходзіць у Талачынскай цэнтральнай райбальніцы.

Гэта стала магчымым дзякуючы мясцовай ініцыятыве «Свет без межаў», падтрыманай праектам «Спрыянне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Праект фінансаваўся Еўрапейскім саюзам і ажыццяўляўся Праграмай развіцця ААН (ПРААН). Аб’ём гранта ‒ 29 500 долараў, з іх 24 050 долараў ‒ сродкі ЕС, астатняе з мясцовага бюджэту.

1307gpn_6660.jpg

У Віцебск на працэдуры больш ездзіць не трэба

Галоўны лекар Талачынскага раёна Аляксей Вішнеўскі займае сваю пасаду вось ужо дзесяць гадоў. Калі пачынаў, быў самым маладым на Віцебшчыне галоўным урачом. Вішнеўскі ‒ хірург, практыкуе ўсе гады, на працягу якіх кіруе раённай аховай здароўя. Робіць і тэрміновыя, і планавыя аперацыі ‒ на брушной поласці, грудной клетцы, пры чарапных траўмах.

Ён распавядае, што ў рамках рэалізацыі праекта ў 2017 годзе зрабілі рамонт памяшканняў, купілі неабходнае абсталяванне для дзіцячага гульнявога пакоя, кабінета фізіялячэння і залы лячэбнай фізкультуры.

1307gpn_6333.jpg

«З 4500 дзяцей, якія жывуць у Талачынскім раёне, 76 дзяцей маюць інваліднасць, і яны павінны атрымліваць рэабілітацыю ўвесь час, ‒ распавёў Аляксей Вішнеўскі. ‒ Акрамя таго, любому дзіцяці, якое трапляе ў бальніцу, трэба праводзіць раннюю рэабілітацыю. Мы рабілі сваю працу, але дзяцей для рэабілітацыі часта адпраўлялі ў Віцебск, таму што ў нас не было неабходных умоў, але пры гэтым былі плошчы, якія прастойвалі. І мы прапанавалі сваю мясцовую ініцыятыву».

Вядома, лепш, калі рэабілітацыя праходзіць па месцы лячэння або недалёка ад месца жыхарства. Тады для сям’і менш стрэсу, а для дзіцяці зніжаецца пагроза інфіцыравання.

Акрамя таго, вазіць дзяцей на працэдуры ў Віцебск ‒ дорага для многіх сем’яў. Калі рэабілітацыя праходзіць блізка да дома, для бацькоў гэта вялікая палёгка, кажа галоўны ўрач:

«Бывала, вельмі складана адправіць маму з дзіцем на рэабілітацыю. Сельскія жыхары кажуць, што не могуць пакінуць гаспадарку і дом надоўга. Нават пры тым, што некаторым для рэабілітацыі дзіцяці выдаюцца бальнічныя, не кожны на іх згаджаўся».

Звычайна дзіцячае аддзяленне ў райбальніцы Талачына загружана цалкам, але цяпер з-за пандэміі дзяцей стараюцца не шпіталізаваць без вострай неабходнасці. Таму з 15 месцаў занята толькі два.

Так што пакуль кабінет фізіятэрапіі ў чаканні пацыентаў. Тут ёсць небулайзеры, праводзіцца цеплавое і святлолячэнне, масаж, кіслародатэрапія.

1307gpn_6546.jpg

Маша з мамай трапілі ў бальніцу літаральна днямі. Жанчына рада, што ў бальніцы нармальныя ўмовы, што з дзіцем ёсць куды выйсці з палаты і можна з карысцю правесці час у добра абсталяваным пакоі для гульняў.

Гэты гульнявы пакой з’явіўся таксама ў рамках праекта. «Трэнажоры, ‒ падкрэслівае Вішнеўскі, ‒ не цацачныя, на іх маленькія дзеці могуць займацца пад кіраўніцтвам медыка».

1307gpn_6585.jpg

Раённы лекар-педыятр Вера Пасюціна працуе ў бальніцы з 1985 года, калі з Брэсцкай вобласці прыехала ў Талачын услед за мужам. Усе змены ў аказанні дапамогі і рэабілітацыі дзяцей у лепшы бок адбываліся на яе вачах:

«Зараз ёсць магчымасць праводзіць рэабілітацыю дзяцей, як толькі яны паступаюць у лякарню. Мы не маглі ім гэта даць раней: у нас не было гэтай залы, трэнажораў, цацак, у тым ліку і для тактыльнага развіцця дзяцей. Гэта асабліва важна для рэабілітацыі дзяцей з парушэннямі нервова-псіхічнага развіцця, напрыклад, з ДЦП. Магчымасць на больш высокім узроўні, прычым на месцы, аказваць дапамогу дзецям нас радуе».

Трэнажоры для дзяцей і медыкаў

Калі ў стацыянары зацішша, то ў паліклініцы ў зале лячэбнай фізкультуры праца кіпіць. Дзеці і на трэнажорах займаюцца, і робяць практыкаванні са спецыялістам.

1307gpn_6386.jpg

1307gpn_6405.jpg

Займацца на трэнажорах, кажа галоўны лекар, пасля працы прыходзяць і работнікі бальніцы: «Наша зала для персаналу адкрытая. У зале толькі частка наяўнага абсталявання. Прадметы, якія дзецям выдаюцца для заняткаў, знаходзяцца ў адмысловым памяшканні».

1307gpn_6450.jpg

Бальніца выканала галоўную задачу, кажа галоўны ўрач, ‒ праект атрымаўся доўгачасовым: «Мы працягнем працу, наша задача цяпер ‒ забяспечваць кабінеты расходнікамі, каб яны ўстойліва функцыянавалі. Па сутнасці, гэта руцінная праца ‒ рэабілітацыя, але зараз для яе ў нас з’явіліся лепшыя ўмовы. Персанал маецца».

У цэлым з персаналам у раёне вялікіх праблем няма ‒ медсясцёр і фельчараў хапае, цякучка натуральная ‒ нехта сыходзіць на пенсію, нехта прыходзіць на іх месцы з медкаледжаў. Участковыя тэрапеўты прайшлі перападрыхтоўку на лекараў агульнай практыкі.

У канцы лета ў раённай бальніцы чакаюць трох маладых спецыялістаў: псіхіятра-нарколага, анколага і ўрача агульнай практыкі. Анколагаў размяркоўваюць рэдка, так што атрымаць такога спецыяліста ‒ вялікі поспех, які б падмацаваў дыягнастычную базу.

Дыягностыку хочуць паляпшаць ‒ мабільную і стацыянарную

Апарат КТ для жыхароў Талачынскага раёна знаходзіцца ў Оршы, МРТ ‒ у Віцебску. З усіх раённых гарадоў Віцебскай вобласці КТ ёсць толькі ў Браславе. Апарат гэты не толькі дарагі, але патрабуе для абслугоўвання і працы на ім кваліфікаваных спецыялістаў. Так што ў шпіталях гады за тры пачынаюць рыхтавацца да атрымання КТ.

У цэлым жа дыягнастычныя магчымасці раённай бальніцы значна паляпшае мабільны дыягнастычны комплекс, у якім размяшчаецца некалькі кабінетаў: працоўнае месца ўрача-анколага, кабінеты УГД-дыягностыкі, мамаграфіі, агульная і біяхімічная лабараторыі, гінекалагічны кабінет і працоўнае месца рэгістратара.

Сутнасць працы такая ‒ аўтамабіль з абсталяваннем прыязджае ў населены пункт, знаходзіцца там пэўны час, а спецыялісты абследуюць жыхароў. Летась у Талачыне перасоўны цэнтр працаваў прыблізна паўтара месяца.

«Гэта эфектыўна для выяўлення анкалагічных захворванняў на ранняй стадыі», ‒ сказаў Вішнеўскі.

На яго думку, цяпер могуць быць актуальнымі і перасоўныя фельчарска-акушэрскія пункты (ФАПы), якія абслугоўваюць і дзяцей, і дарослых.

На сяле памяншаецца колькасць жыхароў, вось і атрымліваецца, што некаторыя са стацыянарных ФАПаў абслугоўваюць ужо не 500 чалавек згодна з нарматывам, а толькі 150. З аднаго боку, іх трэба зачыняць, бо эканамічна яны нявыгадныя ‒ трэба абслугоўваць, ацяпляць будынак, утрымліваць персанал. А з другога, гэта пагоршыць даступнасць меддапамогі. Так што перасоўны ФАП мог бы вельмі дапамагчы і замяніў бы чатыры стацыянарныя, кажа галоўны ўрач.

Аляксей Вішнеўскі таксама вельмі хацеў бы палепшыць дыягностыку і ў цэлым павысіць узровень аказання акушэрскай і перынатальнай дапамогі ў раёне. Паказчыкі тут вельмі добрыя ‒ мацярынскай смяротнасці не было за апошнія дзесяць гадоў, дзіцячая ніжэйшая, чым па краіне. Важна іх утрымаць.

1307gpn_6505.jpg

Жанчыны, якія маюць патрэбу ў дапамозе на ўзроўні абласнога радзільні або РНПЦ «Маці і дзіця», планава накіроўваюцца ў гэтыя ўстановы. Аднак здараецца ўсякае ‒ хтосьці зацягвае са зваротам, у каго-то здараюцца тэрміновыя роды. І тады ўся надзея на медыкаў і абсталяванне раённай бальніцы:

«Мы не заменім буйныя перынатальныя цэнтры, але павінны быць гатовыя на першыя суткі аказаць годна якасную дапамогу. Для гэтага трэба сучаснае абсталяванне».

Каб дапамога аказвалася на больш высокім узроўні, кажа галоўны лекар, трэба каля 60 тысяч долараў для набыцця фетальных, начных, гемадынамічных манітораў, а таксама ШВЛ для нованароджаных.

Такое абсталяванне цяпер у акушэрскім аддзяленні бальніцы ёсць, але патрабуе замены. Праект «Паляпшэнне аказання акушэрства-гінекалагічнай дапамогі жаночаму насельніцтву Талачынскага раёна і развіццё медыцынскага турызму» ўжо падрыхтаваны, справа за тым, каб знайшліся партнёры.

Першакрыніца: Naviny.by.

Фота: Сяргей Гапон.