18 верасня ў Шчучыне адбылося адкрыццё чацвёртага сезона фотавыставы "Праекты ў асобах". Гэта адзін з самых малых гарадоў, дзе працуе выстава за 4 гады сваёй гісторыі: сёння тут жыве крыху больш за 15 000 чалавек. Шчучын — даўняе магдэбурскае мястэчка, сярод іншага тут захаваліся комплекс кляштару піяраў з касьцёлам Сьвятой Тэрэзы, могілкавая капліца і палац Друцкіх-Любецкіх. Таму шматлікія турысты, якія едуць на Гродна (да абласнога цэнтра 67 кіламетраў), не мінаюць і Шчучын.
"Праекты ў асобах" разгарнулася ў цэнтральным гарадскім скверы каля плошчы Свабоды, выстава складаецца з 28 персанальных гісторый. Аўтарка фотаздымкаў – вядомая беларусская фотамастачка Юлія Мацкевіч. Пачынаючы з 2015 года яна падрыхтавала для праекта амаль 60 фотагісторый, праехала па усіх кутках Беларусі. Інфаграфіка таксама грае значную ролю, візуальна прадстаўляючы механізм і важныя характарыстыкі кожнага з праектаў.
Адным з прадстаўленых праектаў з’яўляецца "Павестка-50". Яго мэта: сфармаваць стратэгічныя дакументы, якія дазваляюць людзям зразумець сутнасць і важнасць Канвенцыі аб правах інвалідаў, актыўна далучаць да гэтага працэсу мясцовых жыхароў, аб’яднаць людзей з розных рэгіёнаў для абмену досведам і ўзаемападтрымкі. Усе гэта спрыяе распрацоўцы нацыянальнай палітыкі ў галіне інваліднасці. На адкрыцці праект прадстаўляла Анжэліна Шпакоўская, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ДУ "Тэрытарыяльнага цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шчучынскага раёна".
Свае пытанні журналісты таксама маглі задаць аднаму з герояў выставы – Аляксандру Аўдзевічу, кіраўніку Лідскай міжраённай арганізацыі грамадскага аб'яднання "Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў" (праект "Вучыцца, каб дзейнічаць"), які адмыслова прыехаў на адкрыццё выставы з Ліды.
На самой цырымоніі Анжэліна Шпакоўская перадала Аляксандру дыплом з падзякай за арганізацыю ў Шчучыне школы "Інклюзіўны Барыста".
На адкрыцці з прывітальным словам таксама выступілі намеснік старшыні Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта Алена Пасюта і каардынатар праектаў Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь Наталля Стасевіч.
У межах адкрыцця выставы ў Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі адбылася сустрэча Наталлі Стасевіч з прадстаўнікамі мясцовых органаў улады і грамадскіх арганізацый.
"Мы жадаем максімальна данесці інфармацыю да мясцовых уладаў, грамадскіх арганізацый, прадстаўнікоў сацыяльных структур і ўстаноў аховы здароўя, зацікаўленых ва ўдзеле ў праектах Еўрапейскага саюза, каб пашырыць іх ўяўленне пра тое, што сёння робіць ЕС у Беларусі", – падкрэсліла Наталля Стасевіч.
Выстава будзе працаваць у Шчучыне да 30 верасня, наступны горад – Гродна.
19.09.2018