image2 05.05.2020

ТОП-12 крутых веласіпедных змяненняў у Беларусі, пра якія тры гады таму вы і не марылі

Велапаласа на праезнай частцы ў цэнтры Мінска, бясплатныя веламайстэрні, велагаражы, велашкола... Гэта і многае іншае ў краіне было зроблена ў рамках міжнароднага праекта «Гарадскі роварны рух у Беларусі». Праект завяршыўся ў сакавіку 2020 года, рэалізавалі яго Цэнтр экалагічных рашэнняў і Мінскае роварнае таварыства пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.

Глядзіце, наколькі «больш роварнай» стала Беларусь за гэты час. Прапануем некаторыя вынікі (не ўсе!).

Кастрычнік 2017 года. Велашкола для дарослых выпускае больш за 100 чалавек

1_veloshkola.jpg

Навучаць дарослых яздзе на ровары Мінскае роварнае таварыства пачало яшчэ ў 2014 годзе. Вясной 2017-га попыт на заняткі вырас: за два дні на ўдзел у велашколе запісаліся больш за 60 чалавек. Тады Таварыства аператыўна набрала цэлую каманду інструктараў-валанцёраў, павялічыла колькасць дзён навучання і знайшла ровары для трэніровак такой колькасці ахвочых. У тое ж лета велашкола штомесяц выпускала да 20 новых раварыстаў і раварыстак.

Пазней па прыкладзе Мінска велашколы з’явіліся і ў іншых гарадах: Брэсце, Быхаве, Вілейцы, Барысаве, Гомелі, Баранавічах.

Як адкрыць велашколу ў сваім населеным пункце, як навучыць/навучыцца ездзіць на ровары без сінякоў і стрэсу, чытайце ў спецыяльным дапаможніку.

Студзень 2018 года. Беларусь прымае Канцэпцыю развіцця роварнага руху

2_концепция.jpg

Велаактывісты і велаактывісткі Беларусі атрымалі афіцыйны дакумент, у якім дзяржава зафіксавала мэты па развіцці роварнага руху да 2030 года. Галоўныя індыкатары ‒ паказчыкі бяспекі і доля выкарыстання ровараў.
Нацыянальная канцэпцыя дала арыенцір рэгіянальным і мясцовым уладам пры стварэнні гарадскіх і абласных планаў развіцця роварнага руху, а ў веласупольнасці з’явілася магчымасць абапірацца на яе пры лабіраванні інтарэсаў у стварэнні велаінфраструктуры.

У якіх выпадках можна спасылацца на афіцыйныя абавязальніцтвы па веласіпедызацыі гарадоў.

Чэрвень 2018 года. У сталіцы з’явіўся велаафіцэр (дарадца па роварнай інфраструктуры)

Гэта чалавек, які дапамагае вырашаць роварныя пытанні ў горадзе і з’яўляецца сувязным звяном паміж раварыстамі, адміністрацыяй горада, праекціроўшчыкамі і ДАІ.

Для Мінска гэтая пасада новая, уведзеная яна дзякуючы праекту «Гарадскі роварны рух у Беларусі». Таксама грамадская дарадчыца па развіцці роварнага руху з’явілася і ў Гомелі пры арганізацыі «ВелаГомель».

Зараз каманда праекта прасоўвае ідэю стварэння асобнай стаўкі вераафіцэра пры гарадской адміністрацыі, як бывае ў іншых краінах.

Як роварныя дарадцы ўплываюць на развіццё гарадоў.

Верасень 2018 года. Еўрапейскі тыдзень мабільнасці ў 10 гарадах па ўсёй краіне

4_европейская нееля мобильности.jpg

Дзякуючы еўрапейскаму праекту ў Беларусі павялічылася колькасць гарадоў, якія афіцыйна далучаюцца да міжнародных акцый: «На працу на ровары ўзімку», «30 дзён на ровары» і, канечне ж, да Еўрапейскага тыдня мабільнасці. У 2018-м каманда праекта дапамагла прасунуць ідэі Еўрапейскага тыдня мабільнасці больш чым у 10 гарадах Беларусі.

Лістапад 2018 года. Забудоўшчыкаў абавязалі рабіць у новых дамах велапаркоўкі

5_garazh (1).jpg

З 1 лістапада 2018 года ў Беларусі ўступіла ў сілу змяненне горадабудаўнічых норм, дзе праекціроўшчыкаў абавязваюць закладваць у праекты шматкватэрных жылых дамоў устаноўку велапарковак. Мінус ‒ не ўлічваецца рэальная патрэбнасць насельніцтва ў колькасці велапарковак: усяго адно веламесца на 10 кватэр.

У 2019 годзе экспертная каманда праекта «Гарадскі роварны рух у Беларусі» ўнесла прапанову прадугледзець наяўнасць месцаў пастаяннага захоўвання ровараў у колькасці не менш за 0,5 месца на кожную кватэру, што адпавядае рэальнаму попыту.

У канцы 2019 года ў праект новай рэдакцыі гэтага дакумента такая норма ўжо была ўпісаная.

Май 2019 года. Дабудавалі маршрут «EuroVelo2»

6_eurovelo.jpg

350 кіламетраў веласіпеднага маршруту «EuroVelo-2» па Брэсцкай і Гродзенскай абласцях праклалі да мая 2019 года. Гэта ‒ частка міжнароднага маршруту, які стартуе ў ірландскім горадзе Голуэй, праходзіць праз 7 еўрапейскіх сталіц (у тым ліку і праз Мінск) і заканчваецца ў Маскве. Агульная даўжыня маршруту ‒ 5,5 тысячы кіламетраў, з іх па Беларусі пракладзена прыблізна 600.

Маршрут зручны для роварнага руху: абраныя бяспечныя і камфортныя дарогі без складаных участкаў; усталяваныя паказальнікі і знакі з піктаграмамі, якія арыентуюць падарожнікаў у патрэбным кірунку.

На сайце eurovelo.by можна паглядзець карту маршруту з нанесенымі на яе вартымі ўвагі аб’ектамі сэрвісу. А тут вы можаце спампаваць метадычку па стварэнні веламаршрутаў, якую каманда Цэнтра экалагічных рашэнняў і Мінскага роварнага таварыства распрацавалі ў рамках праекта.

Чэрвень 2019 года. У цэнтры Мінска з’явілася велапаласа на праезнай частцы

7 - велополоса.jpg

Гэта першая і пакуль адзіная ў сталіцы велапаласа на праезнай частцы (вуліца Веры Харужай). Для сталіцы гэта пілотны праект, які ў будучыні можа выкарыстоўвацца як тыпавое рашэнне па пераўтварэнні вуліц розных гарадоў.

Праект зроблены грамадскімі экспертамі, а рэалізаваны за кошт гарадскога бюджэту, што робіць гэты кейс цікавым прыкладам міжсектаральнага супрацоўніцтва.

Ліпень 2019 года. У сталіцы адкрыўся гарадскі велапракат

8_kolobike.jpg

Літаральна за адну ноч у сталіцы стала на 3,3 тысячы ровараў больш. Першы ў Беларусі гарадскі велапракат «Колабайк» запусціла прыватная кампанія, аднак, беларускі байкшэрынг адкрыўся ў тым ліку дзякуючы папулярызацыі гэтай тэмы камандай Мінскага роварнага таварыства і Цэнтра экалагічных рашэнняў.
Восенню 2019 года жоўтыя ровары з’явіліся і ў Брэсце, а ў планах на 2020-ы ‒ прывезці іх у Гродна, Гомель, Барысаў, Жодзіна і Пінск.

Верасень 2019 года. Колькасць раварыстаў перавысіла самы аптымістычны прагноз

Праведзеныя ў рамках праекта «роварныя» сацыялагічныя даследаванні паказалі, што колькасць раварыстаў і раварыстак у сталіцы і абласных гарадах значна вырасла. Напрыклад, адзін раз у месяц і часцей на ровары ездзяць 43% мінчан і роўна палова берасцейцаў.

Лістапад 2019 года. Стварылі калекцыю матэрыялаў і экспертную сетку

10_сентябрь 2019 _Фото марии Амелиной.JPG

За час працы праекту ў Беларусі афіцыйна зарэгістраваныя тры новыя веласіпедныя арганізацыі: «ВелаГомель» (Гомель), «Салянка» (Мінск) і «Велавектар» (Наваполацк).

Таксама дзякуючы комплексу адукацыйных мерапрыемстваў праекта (велалетнік, публічныя лекцыі, семінары па арганізацыйным развіцці, форум «ПраРовар») у Беларусі сфармавалася нефармальная сетка роварных арганізацый, якія пастаянна абменьваюцца досведам і аб’ядноўваюцца для таго, каб вывесці гарадскія роварныя мерапрыемствы на агульнанацыянальны ўзровень.

Уся экспертная праца прадстаўлена на сайце rovar.info.

Сакавік 2020 года. З’явілася сацыяльная рэклама на ТБ і велабілборды

11_Борд_друзья1.jpg

«Ёсць час на спорт, здароўе, сяброў, сям’ю і каханых». Такая сацыяльная рэклама з’явілася на вуліцах Мінска ў сакавіку. Сёння велабілборды ёсць не толькі ў сталіцы, але і ў Магілёве, Гомелі і Брэсце.

А яшчэ на тэлеканале «Мір» зараз паказваюць сацыяльны ролік аб ветлівай яздзе і правілах дарожнага руху пад слоганам: «Не важна, за які руль ты трымаешся».

Сакавік 2020 года. Дзясяткі новых элементаў велаінфраструктуры

12 reduk.JPG

Новыя велапаркоўкі, станцыі па рамонце ровараў (веламаячкі), велагаражы і лакальныя роварныя маршруты з’явіліся ў 18 гарадах Беларусі. Некаторыя арганізацыі набылі службовыя ровары.

Змены шукайце тут!

Праект скончыўся, але яго вынікі заўважныя па ўсёй краіне.

«Калі праект толькі пачынаўся, мы публічна агучылі суму фінансавання ад Еўрапейскага саюза, ‒ 560 тысяч еўра. Многія раілі панізіць бардзюры, арганізаваць велапракат ці нават пабудаваць веладарожку... На гэтую суму мы наўрад ці змаглі б пракласці шэсць кіламетраў, ‒ успамінае кіраўніца праекта «Гарадскі роварны рух у Беларусі», супрацоўніца Цэнтра экалагічных рашэнняў Дар’я Чумакова. ‒ Але нашай задачай было стварыць рамачныя ўмовы для развіцця роварнага руху і дамагчыся ўстойлівых вынікаў. Менавіта таму мы не займаліся кожным бардзюрам і роварам, а спрыялі зацвярджэнню ключавых дакументаў аб развіцці роварнага руху, правялі ў гарадах семінары, каб аб’яднаць мясцовых велаактывістаў з прадстаўнікамі ўлады для сумесных дзеянняў, і не толькі. Я перакананая, што дзякуючы гэтаму праекту мы не закупіліся рыбай, а раздалі вуды і распавялі, як дамагацца «роварных уловаў».

14-фото-команды-(на-заставку).jpg

Аўтар артыкула – Таццяна Жарнасек

Фота – Марыя Амеліна, Аляксей Басалай, Алена Катушка; архіў Мінскага роварнага таварыства