
Адкрываючы сустрэчу, Дзмітрый Харытончык, Старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў, выказаў надзею, што падзея надасць імпульс для развіцця новых кантактаў і ідэй: «За апошнія некалькі гадоў у Магілёўскай вобласці ўдалося рэалізаваць – або ў дадзены момант знаходзяцца ў стадыі рэалізацыі – праекты на суму больш за 2 млн еўра. Вобласць працягвае актыўна развіваць міжнароднае супрацоўніцтва, як эканамічнае, так і ў сацыяльным плане».


У прывітальным слове Кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь Дзірк Шубель адзначыў: «Мы прыехалі ў Магілёў вялікай камандай, сярод нас – пасол Рэспублікі Польшча Артур Міхальскі, пасол Румыніі Віарэл Машану, пасол Эстонскай Рэспублікі Мерыке Какаеў, супрацоўнікі Прадстаўніцтва, – і, вядома, мы нацэлены на актыўную сур’ёзную працу. Зроблена ўжо нямала, і сёння вельмі важна абмеркаваць, як мы можам пашырыць наша супрацоўніцтва».


На сустрэчы прагучала восем прэзентацый, якія дапамаглі аўдыторыі зразумець маштаб удзелу Магілёўскай вобласці ў рэалізацыі праектаў, якія фінансуюцца Еўрапейскім саюзам, па самых розных напрамках. Быў зроблены агляд вынікаў ініцыятывы «Пагадненне мэраў па клімаце і энергіі» ў рэгіёне і Беларусі ў цэлым. Удзельнікамі гэтай еўрапейскай ініцыятывы ў вобласці ўжо сталі Магілёў, Бабруйск, Быхаў, Краснаполле, Клічаў, Мсціслаў, Асіповічы, Слаўгарад і Чавусы. Гэтыя населеныя пункты прынялі абавязацельствы па правядзенні на мясцовым узроўні мерапрыемстваў па зніжэнні выкідаў СО2 на 30% да 2030 года.


На сустрэчы былі прадстаўлены магчымасці кансультацый для малога бізнесу, працаўладкавання ў сельскай мясцовасці Магілёўскай вобласці, удзелу грамадзянскай супольнасці ў рэалізацыі экалагічнай палітыкі. Таксама была прадстаўлена ініцыятыва «Мэры за эканамічны рост», некаторыя вынікі праекта БЕЛМЕД, з падрабязным аглядам праектнай дзейнасці за апошнія некалькі гадоў выступіў намеснік старшыні Чавускага райвыканкама Андрэй Верхаводкін.


Магілёў стаў чацвёртым горадам, у якім прайшла рэгіянальная інфармацыйная сустрэча па ініцыятыве Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі. У 2019 годзе вынікі супрацоўніцтва ЕС – Беларусь былі падведзены ў Брэсце, Гродне і Віцебску. Наступная інфармацыйная сустрэча «Супрацоўніцтва ЕС-Беларусь» плануецца ў Гомелі.
